Лявон Вольскі: Размаўляйце па-беларуску, інакш падпадаеце пад новы акупацыйны закон

Лявон Вольскі кажа, што шмат каму з беларусаў неабходна выходзіць з зоны камфорту. Інакш падпадуць пад новы акупацыйны закон.

Фота з фэйсбука Лявона Вольскага

Фота з фэйсбука Лявона Вольскага

«У юнацтве размовы пра беларускую мову (гіне мова, гіне нацыя, не дапусцім знікнення мовы, не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі) мне падаваліся нейкімі замшэлымі ды несучаснымі, маўляў, наша кола размаўляе па-беларуску, таму мы выбраныя, эліта, а астатнія — як сабе хочуць»,піша Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Facebook.

«Мінуў час. Святаслаў Вакарчук заклікае беларусаў гаварыць па-беларуску, а нейкі няўцямны ўладафіл з Белоруссіі даказвае, што расійская ў ягонай Белоруссіі заўжды будзе дзяржаўнай.

Не, сяброўкі ды сябры, вымушаны канстатаваць: без беларускай мовы нічога не будзе. Хіба паўночна-заходні край. З гэтымі вечнымі крэпкімі хазяйсцвеннікамі, дажынкамі, бітвай за ўраджай і конкурсам патрыацічэскай песні. Таму кожнаму неабходна выходзіць, як той казаў, з зоны камфорту і авалодваць беларускай мовай. І размаўляць па-беларуску. Інакш падпадаеце пад новы акупацыйны закон. У якім прапісана, што ўсе расійскамоўныя ёсць часткай русского міра.

Ці вы хочаце быць ягонай часткай?»