Лявон Баршчэўскі: Для мяне 23 лютага — не свята

Грамадскі дзеяч і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Лявон Баршчэўскі распавядае пра тое, ці варта лічыць 23 лютага Днём абаронцаў Айчыны.

 



Лявон Баршчэўскі: Для мяне гэты дзень — адназначна не свята. Я нават, калі вучыўся ў школе ў савецкія часы, адмаўляўся 23 лютага прымаць падарункі і казаў: “Я тут пры чым?” А тым больш, цяпер, калі Саюза ўжо няма. Святкаваць падзею, калі немцы ўзялі Пскоў, — гэта толькі хворае ўяўленне бальшавікоў магло прыдумаць.

— Тым не менш, святкаванне 23 лютага стала для многіх людзей ужо традыцыяй…

Лявон Баршчэўскі: Навязаць можна ўсё. Калі праз СМІ гадамі ўбіваць у галаву, што ў той ці іншы дзень трэба адзначаць тую ці іншую дату, то прызвычайваюцца. Святкаванне 23 лютага — гэта абсалютна прапагандысцкі прыём і выдумка. Ніякая савецкая армія не паўстала 23 лютага 1918 года. Тым больш, да Беларусі гэта ўвогуле не мае ніякага дачынення.

— На ваш погляд, калі правесці апытанне сярод беларусаў, то ці ведаюць яны, чаму менавіта 23 лютага адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны?

Лявон Баршчэўскі: Думаю, большасць не ведае, гэтак жа, як і пра 1 траўня ці 7 лістапада. Зрэшты, людзі не ведаюць і больш відавочныя рэчы.

— Можа быць, варта было б тады з гэтай нагоды прызначыць нейкае сваё нацыянальнае свята?

Лявон Баршчэўскі: У Вярхоўным Савеце 12-га склікання мы ставілі пытанне, каб 8 верасня адзначаць Дзень вайсковай славы, але большасць дэпутатаў не пагадзілася на гэта. Баяліся рэакцыі з боку Расіі, бо 8 верасня 1514 года войскі Вялікага Княства Літоўскага разбілі пад Воршай маскоўскія войскі. Былі прапановы і наконт 7 ліпеня, бо менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе ў Менску быў вялікі партызанскі парад. Тады было проста ўражвальнае шэсце, і, калі б адзначалі Дзень абаронцаў Айчыны ў гэты дзень, то такі падыход больш-менш усіх задаволіў бы. Але сёння маем тое, што маем. Паўтаруся, для беларусаў ніякай станоўчай гістарычнай традыцыі за гэтым днём няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота budzma.by

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: