Любоў Санкевіч: мы звернемся ў суд, калі Андрэй Кабякоў не будзе нас прымаць

Актывісты Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры маюць намер звяртацца ў суд, калі галава Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў і далей адмовіцца прымаць грамадзянаў.



oczien_zaniat.jpg

Пра гэта ў інтэрвью карэспандэнту НЧ заявіла актывістка ініцытывы, жыхарка гораду Бабруйск Магілёўскай вобласці, пенсіянерка Любоў Санкевіч.
Яна распавяла, што цягам апошніх двух гадоў актывісты ініцытывы 10 разоў безпаспяхова звярталіся да Андрэя Кабякова з просьбай прыняць грамадзянаў, выслухаць іх і вырашыць праблему адпісак на звароты людзей у дзяржаўныя органы, у тым ліку ў структуры суду і пракуратуры. Паколькі за перыяд знаходжання спадара Кабякова на пасадзе галавы Адміністрацыі Прэзідэнта ён ні разу так і не прыняў заяўнікаў, яны 10 снежня накіравалі скаргу галаве дзяржавы.
У лісце на імя Аляксандра Лукашэнкі 30 актывістаў ініцыятывы просяць прыняць адпаведныя меры рэагавання адносна дзеянняў галавы Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова і ўзнавіць законнасць. «У адваротным выпадку мы вымушаныя будзем звярнуцца ў суд», — падкрэсліла Любоў Санкевіч.
Яна — былая бухгалтарка Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў. Любоў Санкевіч адпрацавала на гэтым прадпрыемстве 12 год і ў 2001 годзе была звольнена «за сістэматычнае невыкананне без уважлівых прычынаў абавязкаў, ускладзеных на яе працоўнай дамовай». Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што спадарыня Санкевіч вельмі адказна выконвала свае абавязкі, пра што сведчаць падзякі за добрасумленную працу цягам 11 з паловай гадоў. Прычэпкі да яе пачаліся са зменай кіраўніцтва прадпрыемства і мелі месца ў апошнія пяць месяцаў працы, калі Любоў Санкевіч пачала выкрываць фінансава-эканамічныя парушэнні на заводзе.   
Ужо 13 гадоў жанчына спрабуе ўзнавіць свае парушаныя правы, бо лічыць звальненне з прадпрыемства неабгрунтаваным і незаконным. Любоў Санкевіч была сябрам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая адмовілася патрымаць жанчыну ў канфлікце з адміністрацыяй заводу. Суд Бабруйскага раёну і горада Бабруйска таксама стаў на бок кіраўніцтва прадпрыемства. Аднак пазіцыю спадарыні Санкевіч падтрымала Генеральная пракуратура, якая вынесла два пратэсты на рашэнне суду першай інстанцыі, адхіленых Вярхоўным судом Беларусі.