Лукашэнка адкрыў рэканструяваны мост праз Прыпяць
6 лістапада Аляксандр Лукашэнка ўрачыста адкрыў рэканструяваны мост праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне, інфармуе БЕЛТА.
Мост быў зачынены ў снежні 2017 года, калі на ім выявілі расколіну. Спярша яго перакрылі для аўтамабільнага руху, а потым і для пешаходнага. Рэчышча Прыпяці часова змянілі, а сам мост узарвалі, каб паставіць новы. Праз Прыпяць была наладжаная паромная і пантонная пераправа.
Кіраўнік Беларусі патрабаваў, каб новы мост з'явіўся да 7 лістапада 2018 годы, і будаўнікі выканалі гэтае патрабаванне. "Як мне дакладваюць, сціслыя тэрміны не адбіліся на якасці. Работнікі дарожна-будаўнічай сферы не толькі вырашылі складаныя пытанні і дамагліся пастаўленых мэтаў, але і набылі бясцэнны досвед", — пахваліў іх Лукашэнка. Па яго словах, пры рэканструкцыі моста былі ўпершыню ўжытыя многія наватарскія ідэі і тэхналогіі.
Кіраўнік дзяржавы даручыў узнагародзіць будаўнікоў і кіраўнікоў, якія займаліся рэканструкцыяй моста.
Паводле euroradio.fm