Лукашэнка загадаў ацаніць дзеянні кампаніі А1 і прыняць «самыя жорсткія меры»

Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка ягонай адміністрацыі Ігар Луцкі, піша «Свабода».

a1_rebrending.jpg

«Тэлекамунікацыйны і кантэнт-правайдар А1, які працуе на тэрыторыі Беларусі, у пэўным сэнсе "зліваў" не той кантэнт і не туды. Гэта парушае любыя маральныя, этычныя і юрыдычныя нормы і правілы», — заявіў БелТА намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі і дадаў, што Лукашэнка даў даручэнне правесці ацэнку дзеянняў кампаніі і «прыняць самыя жорсткія меры».

10 снежня быў затрыманы прэс-сакратар кампаніі A1 Мікалай Брэдзелеў, яго асудзілі на 15 сутак арышту, за што канкрэтна — невядома. На «пакаяльным» відэа, якое апублікавалі беларускія сілавікі, Брэдзелеў кажа, што перадаваў блогеру Антону Матольку інфармацыю, «звязаную з яго прафесійнай дзейнасцю».

У кампаніі А1 заявілі, што не атрымлівалі афіцыйных прэтэнзій ад беларускіх уладаў. Прадстаўнік A1 Telekom Austria Group у Вене падкрэсліў, што доступ да даных кліентаў строга рэгулюецца і рэгіструецца індывідуальна, а роля Мікалая Брэдзелева ў кампаніі не давала яму ніякага тэхнічнага доступу да канфідэнцыйных даных. Тым не менш у кампаніі распачалі пашыраную карпаратыўную праверку.