Лукашэнка загадаў вярнуць у гомельскую школу настаўніцу, якая абражала вучня

Аляксандар Лукашэнка даручыў аднавіць на працы настаўніцу Людмілу Чацвярткову, якая пагражала стукнуць школьніка партай і абражала яго. Пра гэта сказаў Свабодзе начальнік галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Сяргея Парошына.

Школа №15 у Гомелі

Школа №15 у Гомелі

«Так, гэта праўда, — сказаў чыноўнік. — Настаўніца адноўленая на сваім месцы працы ў школе № 15, яна вяртаецца да працы з тымі ж дзецьмі, з якімі працавала. Прычына аднаўлення настаўніцы — вусны загад кіраўніка дзяржавы».
Гомельскі партал «Сильные новости» 13 верасня апублікаваў відэа, знятае ў сярэдняй школе № 15 Гомеля. На ім настаўніца крычыць і мацюкаецца падчас уроку рускай мовы ў 4-м класе. Яна пагражала вучню, што стукне яго партай, лаялася і абражала малалетняга. Таксама відаць, як настаўніца падняла парту і кажа: «Я пайду ў турму, а табе [мацюкі]».


Вечарам 13 верасня ў школе прайшоў бацькоўскі сход. Настаўніцу звольнілі.
«Я настаўніцу толкам не ведаю, яна першы раз у нас была на замене. Разумею, калі б дзіця нешта сістэматычна парушала, у настаўніцы б назапашвалася гэта. Тут яна бачыць дзіця 20 хвілін — і ўжо такое сабе дазваляе», — казаў у каментары Свабодзе бацька школьніка.
Мужчына не разумее, «што магло зрабіць дзіця, каб да яго прымяніць такое ўздзеянне».
«У маёй галаве не ўкладваецца, калі іншыя бацькі казалі: «Ну і мы матам на дзяцей крычым, што ў гэтым такога?» Яны лічаць, што гэта норма. Я так не лічу. Нельга матам на дзіця, яно азлобіцца. З дзіцем трэба размаўляць», — упэўнены бацька.
Суразмоўца падкрэсліў, што ягоны сын не ставіў настаўніцы падножку: гэта версія карыстальнікаў інтэрнэту.
svaboda.org