Мабільная фотавыстава «Разам да здароўя!» пройдзе ў Мінску
29 лістапада на плошчы каля Мінскага трактарнага завода (ст. М. Трактарны завод) адкрыецца фотавыстава пад адкрытым небам «Разам да здароўя!».
Ініцыятарам мерапрыемства выступае Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Героі фотапраекта — простыя жыхары невялікіх гарадоў і вёсак Беларусі.
Наведвальнікі фотавыстаўкі «Разам да здароўя!» пазнаёмяцца з гісторыямі жыхароў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, якім змяненне ладу жыцця ў бок здаровага дапамагло не толькі ўмацаваць здароўе і справіцца з захворваннямі, але і развіць свой асабісты патэнцыял, а таксама натхніла падтрымліваць іншых. Акрамя таго, на выставе прадстаўлены ініцыятыўныя валанцёрскія групы па ЗОЖ Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), якія аб'ядноўваюць вакол сябе жыхароў гарадоў, вёсак і разам мяняюць жыццё ў мясцовых супольнасцях да лепшага.
— З дапамогай фотавыстаўкі «Разам да здароўя» мы расказваем рэальныя гісторыі звычайных людзей, — адзначае Таццяна Святловіч, менеджэр праекта БТЧК «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця». — Нашы героі — не медыйныя персоны, а жыхары невялікіх гарадоў і мястэчак Беларусі. Але кожны з іх аднойчы знайшоў у сабе сілы пайсці па шляху пераменаў і абраў здаровы лад жыцця: адмовіўся ад курэння, злоўжывання алкаголем, змяніў звычкі ў харчаванні, стаў актыўна праводзіць вольны час. Наша выстава пра тое, як змены ў вобразе жыцця дапамаглі людзям умацаваць здароўе, і пра тых, хто іх падтрымлівае на гэтым шляху».
З 29 лістапада па 17 снежня фотавыстава будзе па чарзе размешчана на пляцоўках перад буйнымі прадпрыемствамі Мінска. Адкрыццё выставы адбудзецца 29 лістапада на пляцоўцы каля Мінскага трактарнага завода. У адкрыцці прымуць удзел героі фотавыставы — удзельнікі ініцыятыўных груп БТЧК. Яны правядуць для ўсіх жадаючых майстар-класы па скандынаўскай хадзьбе, арганізуюць актыўныя народныя гульні. Наведвальнікаў выставы таксама чакаюць конкурсы і падарункі.
Затым з 3 снежня выстава пераедзе да Менскага аўтамабільнага заводу, дзе будзе знаходзіцца да 9 снежня. Выніковай кропкай размяшчэння стане пляцоўка перад Мінскім заводам колавых цягачоў. Тут экспазіцыя будзе прадстаўлена з 10 па 17 снежня. У далейшым выстава адправіцца ў падарожжа па рэгіёнах.
— Выбар такіх пляцовак не выпадковы. Мы вырашылі адысці ад стандартнага фармату — праводзіць мерапрыемствы ў цэнтры горада — і задзейнічалі скверы і пляцоўкі каля буйных заводаў Мінска ў розных сталічных раёнах. Хочам прыцягнуць увагу больш шырокай аўдыторыі і спадзяемся, што жыццёвыя гісторыі жыхароў нашай краіны натхняць многіх людзей выбраць больш здаровае і доўгае жыццё, — каментуе Таццяна Святловіч.
БТЧК з 2014 года рэалізуе праект «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця» пры падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа і ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Мэта праекта – ўмацаванне здароўя і змяненне паводзінаў насельніцтва Беларусі ў бок здаровага ладу жыцця.
Створаны і паспяхова працуюць 14 ініцыятыўных груп па здаровым ладзе жыцця ў малых гарадах і вёсках Віцебскай, Гродзенскай абласцей, а таксама Магілёўскай вобласці. У склад ініцыятыўных груп ўваходзяць больш за 470 чалавек рознага ўзросту, прафесійнага і сацыяльнага статусу. Гэта актыўныя людзі, захопленыя ЗОЖ і гатовыя дапамагчы іншым змяніць сваё стаўленне да здароўя. Ініцыятыўныя групы навучаюць насельніцтва асновам прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў, ажыццяўляюць індывідуальнае суправаджэнне тых, хто імкнецца змяніць свой лад жыцця ў бок здаровага, праводзяць рэгулярныя заняткі і майстар-класы па розных відах фізічнай актыўнасці.