У Мінску пройдзе мабільная фотавыстава «Разам да здароўя!»

Фотавыстава пад адкрытым небам «Разам да здароўя!» адкрыецца 29 лістапада на плошчы каля Мінскага трактарнага завода (станцыя метро «Трактарны завод»). Героі фотапраекта — простыя жыхары невялікіх гарадоў і вёсак Беларусі.

oleh_stalmakov__ah._hodcy__vitebskaja_oblast.jpg


Наведвальнікі фотавыстаўкі «Разам да здароўя!» пазнаёмяцца з гісторыямі жыхароў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, якім змяненне ладу жыцця ў бок здаровага дапамагло не толькі ўмацаваць здароўе і справіцца з захворваннямі, але і развіць свой асабісты патэнцыял, а таксама натхніла падтрымліваць іншых.
Ініцыятарам мерапрыемства выступае Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. На выставе таксама будуць прадстаўлены ініцыятыўныя валанцёрскія групы па ЗОЖ Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), якія аб'ядноўваюць вакол сябе жыхароў гарадоў, вёсак і разам мяняюць жыццё ў мясцовых супольнасцях да лепшага.

iniciativnaja_hruppa_po_zoz_iz_pavlovo__hrodnenskaja_oblast.jpg


— З дапамогай фотавыстаўкі «Разам да здароўя» мы расказваем рэальныя гісторыі звычайных людзей, — адзначае Таццяна Святловіч, менеджэр праекта БТЧК «Далучэнне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця». — Нашы героі — не медыйныя персоны, а жыхары невялікіх гарадоў і мястэчак Беларусі. Але кожны з іх аднойчы знайшоў у сабе сілы пайсці па шляху пераменаў і абраў здаровы лад жыцця: адмовіўся ад курэння, злоўжывання алкаголем, змяніў звычкі ў харчаванні, стаў актыўна праводзіць вольны час. Наша выстава пра тое, як змены ў ладзе жыцця дапамаглі людзям умацаваць здароўе, і пра тых, хто іх падтрымлівае на гэтым шляху».  

З 29 лістапада па 17 снежня фотавыстава будзе па чарзе размешчана на пляцоўках перад буйнымі прадпрыемствамі Мінска. Адкрыццё выставы адбудзецца 29 лістапада на пляцоўцы каля Мінскага трактарнага завода. У адкрыцці выставы 29 лістапада прымуць удзел яе героі — удзельнікі ініцыятыўных груп БТЧК. Яны правядуць для ўсіх жадаючых майстар-класы па скандынаўскай хадзьбе, арганізуюць актыўныя народныя гульні. Наведвальнікаў выставы таксама чакаюць конкурсы і падарункі.
Затым з 3 снежня выстава пераедзе да Мінскага аўтамабільнага заводу, дзе будзе знаходзіцца да 9 снежня. Выніковай кропкай размяшчэння стане пляцоўка перад Мінскім заводам колавых цягачоў. Тут экспазіцыя будзе прадстаўлена з 10 па 17 снежня. У далейшым выстава адправіцца ў падарожжа па рэгіёнах.
— Выбар такіх пляцовак не выпадковы. Мы вырашылі адысці ад стандартнага фармату — праводзіць мерапрыемствы ў цэнтры горада — і задзейнічалі скверы і пляцоўкі каля буйных заводаў Мінска ў розных сталічных раёнах. Хочам прыцягнуць увагу больш шырокай аўдыторыі і спадзяемся, што жыццёвыя гісторыі жыхароў нашай краіны натхняць многіх людзей выбраць больш здаровае і доўгае жыццё, — каментуе Таццяна Святловіч.