«Маці-328» зладзяць у Мінску санкцыянаваны ўладамі пікет

У суботу 14 снежня кампанія «Нашага Дома» «Дзеці-328» сумесна з Рухам «Маці-328» плануе правесці пікет у Мінску. Мерапрыемства накіравана на прыцягненне ўвагі да несправядлівых прысудаў па чацвёртай часткі артыкула 328 КК РБ і неабходнасці іх перагляду.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Кваліфікуючымі прыкметамі чацвёртай часткі з'яўляецца наяўнасць арганізаванай групы або лабараторыі па вырабе наркатычных рэчываў. Гэтыя фактары вызначаюць тэрмін пакарання па дадзенай частцы — ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Родныя асуджаных ўпэўнены: многія справы па ч.4 кваліфікаваныя няправільна. У прыватнасці, у іх не фігуруюць лабараторыі або лабараторнае абсталяванне, асуджаныя не з'яўляліся ўладальнікамі інтэрнэт-магазінаў па продажы наркатычных рэчываў, не мелі грашовых рахункаў і не былі знаёмыя з іншымі звёнамі ў ланцугу наркабізнесу. Як правіла, іх выкарыстоўвалі ў якасці «гарматнага мяса» — кур'ераў, якія выконвалі даручэнні ад ананімных працадаўцаў. Пры гэтым усталяваць арганізатараў злачыннага бізнэсу ў большасці выпадкаў праваахоўнікі не маглі.
Актывісткі лічаць, што такім чынам антынаркатычныя меры, прынятыя ў Беларусі 2015 годзе дэкрэтам №6, апынуліся не барацьбой з наркабізнесам, а барацьбой з дзецьмі. З 2020 года павінна ўступіць у сілу новая «праграма змякчэння» антынаркатычнага заканадаўства. Аднак, па дадзеных маці непаўналетніх-328, асуджаныя па чацвёртай частцы ў яе не патрапяць (гэтак жа, як іх не закранулі амністыя-2019 і зніжэнне ніжняй мяжы пакарання на два гады). Для таго каб гэтая праграма здолела запрацаваць напоўную, неабходныя справядлівы перагляд і перакваліфікацыя існуючых спраў па чацвёртай часткі.
Сітуацыя з непаўналетнімі асуджанымі-328 мае свае юрыдычныя аспекты. Статыстыка, якую збірае кампанія «Дзеці-328», кажа пра тое, што ў цяперашні час у Беларусі па чацвёртай частцы адбываюць пакаранне не менш за 12 непаўналетніх на момант затрымання асуджаных. Пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем волі для асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў, супярэчаць нормам міжнароднага заканадаўства ў галіне правоў дзіцяці. У прыватнасці, палажэнняў Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь.
Маці непаўналетніх асуджаных заяўляюць:
— «Дзеці-328» за абгрунтаваныя і справядлівыя прысуды. Мы просім ўжыць памілаванне да непаўналетніх на момант затрымання асуджаным па ч.4 арт.328, незалежна ад тэрміну адбытага пакарання. Дзяржава адказвае за дзяцей-328 і іх будучыню!
Пікет санкцыянаваны ўладамі. Ён адбудзецца каля кінатэатра «Кіеў» (вул.Кахоўская, 31) з 13:00 да 15:00.
Паводле прэс-рэліза