Маці Коржыча: Салдат, застрэлены ва Уруччы з танкавага кулямёта, быў сведкам па справе

Маці загінулага салдата Аляксандра Коржыча расказала журналістам «Медыя-Палесся», што ў часе следства загінуў сведка па справе.

1_300_mohhf.jpg


Следчы камітэт скончыў расследаванне смерці Коржыча. Па гэтай крымінальнай справе ў якасці абвінавачаных прыцягнута трое сяржантаў. Яны праходзяць па 150 эпізодах, віну прызналі часткова. Мяркуецца, што дзеянні вайскоўцаў пацягнулі самагубства Коржыча.
«Мне даслалі ліст са Следчага камітэта і апавясцілі, што следства будзе працягнута да чэрвеня, а тут раптам такі рэзкі паварот. Я ім сказала, што вы, напэўна, жадаеце, каб усе тыя, хто мае дачыненне да гэтай справы, зніклі. Справа ў тым, што нядаўна на вучэннях ва Уруччы загінуў калега Сашы, які праходзіў сведкам. Я ўжо і не ведаю, што думаць», — распавяла маці Коржыча.
Нагадаем, што 4 красавіка ў ходзе планавых заняткаў па агнявой падрыхтоўцы 120 асобнай механізаванай брыгады вайскоўцамі тэрміновай ваеннай службы, якія ўваходзілі ў экіпаж БМП, былі парушаныя меры бяспекі. У выніку адзін з членаў экіпажа старшы механік-кіроўца БМП атрымаў агнястрэльнае раненне, несумяшчальнае з жыццём. Адбылося ўсё на палігоне Уручча пад Мінскам. У хлопца трапілі з танкавага кулямёта Калашнікава.
Паводле «Нашай Нівы»