Магілёўскім праваабаронцам вярнулі вынятыя ў сакавіку кампутары
Магілёўскаму аддзяленню Праваабарончага цэнтра “Вясна” вярнулі тры вынятыя 12 сакавіка кампутары. Пра гэта паведаміў праваабаронца Аляксей Колчын.
Ігар Барысаў
— Кампутары працуюць, аднак карыстацца мы імі далей не будзем – няма даверу да тэхнікі, якая пабывала ў праваахоўнікаў, — кажа Аляксей
Колчын.
Праваабаронца адзначае, што здолеў азнаёміцца з вынікамі экспертызы кампутараў, аднак зрабіць копіі вынікаў гэтых экспертыз, як і азнаёміцца з поўным зметам таго, што было на CD-дыску,
праваахоўнікі яму не дазволілі, спаслаўшыся на тое, што не ён фігурант справы.
— Я думаю, што міліцыя вырашыла праверыць офіс “Вясны” заадно з кватэрай рэдактара газеты “НАШ Магілёў” Ігара Барысава напярэдадні выбараў.
Тое, што міліцыя шукала інфармацыю пра Праваабарончы цэнтр “Вясна” ва ўсіх кампутарах, з’яўляецца яскравым пацверджаннем маіх словаў. Вырашылі праверыць, чым мы дыхаем, бо
раней падабрацца да нас у іх не атрымлівалася, — кажа Аляксей Колчын.
Нагадаем, што раніцай 12 сакавіка ў кватэру Ігара Барысава з санкцыяй пракурора на агляд памяшкання прыйшлі чацвёра супрацоўнікаў міліцыі з двума сваімі панятымі. Прычынай для візіту міліцыі
стала заява генеральнага дырэктара ААТ “Стужка” Сяргея Пятрова, які палічыў, што размешчаная інфармацыя пра яго на сайце “НАШ Магілёў” з’яўляецца
паклёпам. У Барысава міліцыя забрала тры кампутары, мадэм і нататнік. Затым у тым жа складзе міліцыянты паехалі на офіс магілёўскага аддзялення Праваабарончага цэнтра “Вясна”, дзе
таксама вынялі тры кампутары.
Праверка кампутараў не выявіла датычнасць Ігара Барысава да вырабу і размяшчэння на сайт “НАШ Магілёў” матэрыяла пра Сяргея Пятрова, згодна якому ён прайграў у казіно сваю
кватэру і частку акцый прадпрыемства. Лінгвістычная экспертыза таксама не выявіла фактаў абразы. Праверка ў межах крымінальнага артыкула “Паклёп” была спынена ў красавіку.
У ліпені супрацоўнікі міліцыі Варанцоў і Казакоў вырашылі завесці дзве новыя адміністрацыйныя справы на Ігара Барысава — за парушэнне заканадаўства аб СМІ (за тое, што галоўны
рэдактар дапусціў з’яўленне падобнага артыкула на сайце выдання), а таксама за атрыманне фінансавай дапамогі з-за мяжы на дзейнасць выдання (міліцыянты палічылі, што “НАШ
Магілёў” мог фінансавацца з-за мяжы), аднак 29 ліпеня суд спыніў адміністрацыйныя справы праз сканчэння тэрмінаў, калі можна было прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці Барысава, а ў
адрас Кастрычніцкага РАУСа вынес прыватнае вызначэнне за дапушчаныя парушэнні падчас аператыўна-следчых дзеянняў.
Паводле праваабарончага цэнтра "Вясна"