Магілёўская журналістка здолела прыцягнуць да адказнасці міліцыянта

Супрацоўнік Ленінскага РАУС Магілёва маёр міліцыі Яўген Слаўнікаў, які спрабаваў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці журналістку Аліну Скрабунову, папярэджаны аб недапушчэнні парушэння нормаў Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

mspring.online

mspring.online

У лістападзе 2018 года Слаўнікаў склаў на Скрабунову і аператара Міхаіла Аршынскага пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за «незаконнае стварэнне прадукцыі СМІ». У пратаколах Слаўнікаў залічыў у віну журналістаў не прадугледжаны дадзеным артыкулам удзел у стварэнні прадукцыі СМІ. Паколькі КаАП не прадугледжвае адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у незаконным вырабе прадукцыі СМІ, суд Ленінскага раёна двойчы вяртаў у міліцыю пратаколы для ліквідацыі выяўленых недахопаў. У рэшце рэшт двухмесячны тэрмін прыцягнення журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці мінуў.
Скрабунова паскардзілася на дзеянні Слаўнікава яго начальству і ў Следчы камітэт. У дзеяннях супрацоўніка міліцыі выявілі «нязначныя парушэнні адносна парадку вядзення адміністрацыйнага працэсу», аднак фактаў парушэння правоў Скрабуновой не ўстаноўлена, гаворыцца ў адказе, які паступіў журналістцы з УУС Магілёўскага аблвыканкама.
«У ходзе разбору інспектару аддзела аховы і прафілактыкі Ленінскага РАУС Магілёва Слаўнікава Я.В. строга ўказана на дапушчаныя парушэнні норм ПВКаАП Рэспублікі Беларусь пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу і апошні папярэджаны, што ў выпадку здзяйснення ім падобных парушэнняў да яго будуць прыняты меры ўздзеяння», — адзначаецца ў адказе на просьбу журналісткі прыцягнуць Слаўнікава да дысцыплінарнай адказнасці за некампетэнтныя і непісьменныя дзеянні, якія наносяць шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян.
У сваю чаргу Следчы камітэт, які першапачаткова адмовіўся ад правядзення праверкі на прадмет перавышэння службовых паўнамоцтваў Слаўнікава, усё ж правядзе яе. Гэта вынікае з ліста начальніка Ленінскага РАУС Магілёва Аляксея Шчарбакова начальніку Магілёўскага міжрайаддзелу СК. Згодна з дакументам, правядзенне праверкі па выкладзеных Скрабуновай пытаннях у дачыненні да супрацоўніка міліцыі на прадмет перавышэння ім службовых паўнамоцтваў і магчымае ўзбуджэнне крымінальнай справы не адносіцца да кампетэнцыі органаў унутраных спраў.
Раней скарга Скрабуновай ў СК была перанакіраваная ў Ленінскі РАУС Магілёва.
Уладзімір Лапцэвіч, naviny.by