Максіма Вінярскага збіраюцца адлічыць з ВНУ

Каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага могуць адлічыць з 6 курса Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. Ён навучаецца завочна па спецыяльнасці «выдавецкая справа».



c853b6fa_436e_412d_a64f_9bf81e5b724c_mw1024_s_n.jpg

Падчас восеньскай сесіі загадчык адной з кафедраў БДТУ Уладзімір  Куліковіч прыняў у Вінярскага іспыт, засталося абараніць у гэтага ж выкладчыка курсавую работу. 26 кастрычніка ў апошні дзень сесіі, Вінярскі паразмаўляў з выкладчыкам і сваім навуковым кіраўніком Куліковічам, каб удакладніць, што яшчэ патрэбна дадаць да работы, каб паспяхова абараніцца. На наступны дзень Вінярскі здаў курсавую ў дэканат.

30 кастрычніка Куліковіч паведаміў Вінярскаму, што яшчэ працу не чытаў, паколькі не знайшоў яе ў дэканаце, і толькі 2 лістапада заявіў, што ў такім стане курсавая не можа быць прынятая да абароны. Праз некалькі дзён, прагледзеўшы выпраўлены варыянт работы, ён паведаміў Вінярскаму, што не дазволіць яе абараняць, хаця і выпісаў накіраванне на 9-га.

“Зразумей правільна, твая работа на асаблівым кантролі”, — паведаміў ён пры гэтым Максіму.

Рэцэнзія на курсавую работу, якую выдалі Вінярскаму, на яго думку, змяшчае супярэчлівыя ацэнкі.

— Праблемы з маёй курсавой  пачаліся пасля акцый, якія прайшлі напачатку кастрычніка напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Менавіта пасля гэтага стаўленне кіраўніцтва універсітэта да мяне змянілася. Мне падаецца, такія хуткія перамены ў настроі загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій, звязаныя з маёй палітычнай дзейнасцю і ўдзелам у акцыях пратэсту”, — адзначыў Максім Вінярскі.

Нягледзячы на тое, што асаблівых праблем з навучаннем у Максіма Вінярскага не было, паўстала рэальная пагроза яго адлічэння з апошняга курса платнага аддзялення. Сам Максім загаду аб сваім адлічэнні пакуль яшчэ не бачыў.

spring96.org