«Малады фронт» рыхтуецца да Дня святога Валянціна

 У сераду 14 студзеня актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронта» Наста Палажанка, Таццяна Шапуцька і Кася Галіцкая падалі ў Мінскі гарвыканкам заяўку на правядзенне 14 лютага, на Дзень Святога Валянціна, святочнага шэсця і іншых урачыстых мерапрыемстваў.

 У сераду 14 студзеня актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронта» Наста Палажанка, Таццяна Шапуцька і Кася Галіцкая падалі ў Мінскі гарвыканкам заяўку на правядзенне 14 лютага, на Дзень Святога Валянціна, святочнага шэсця і іншых урачыстых мерапрыемстваў. У аргкамітэт па святкаванні Дня Святога Валянціна ўвайшлі вядомыя ў Беларусі асобы — рок-музыка Піт Паўлаў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, мастак Алесь Пушкін, кіраўнік Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Як паведаміў лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, арганізатары плануюць 14 лютага, апроч шэсця і перформансаў, правесці канферэнцыю на тэму, што такое любоў для пісьменнікаў, для мастакоў, іншых творчых людзей. На канферэнцыю мяркуецца запрасіць таксама і служыцеляў розных хрысціянскіх канфесій. «Любоў — гэта шматграннае паняцце ў сучасным свеце, і нам як арганізацыі, заснаванай на хрысціянскіх каштоўнасцях, хочацца сцвярджаць менавіта такое духоўна-маральнае разуменне гэтага паняцця, — адзначыў Зміцер Дашкевіч. — Менавіта ў такім кантэксце мы імкнёмся праводзіць штогадовыя акцыі ў Дзень Святога Валянціна». Што да самога святочнага шэсця, то арганізатары плануюць пачаць яго а 18-й гадзіне на сталічнай плошчы Якуба Коласа, прайсці па праспекце Незалежнасці праз Кастрычніцкую плошчу да плошчы Свабоды. Па словах Зміцера Дашкевіча, шэсце пачнецца імправізаваным перформансам і віктарынамі, а завершыцца невялікім канцэртам з удзелам беларускіх рок-музыкантаў і бардаў.