Малы памежны рух — грамадскія слуханні ў Гродна

У межах кампаніі „Народны рэферэндум” у Гродна адбыліся грамадскія слуханні „Малы памежны рух і бязвізавая прастора: наступныя крокі”. Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, палітолаг Алесь Лагвінец і актывістка кампаніі „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч абмеркавалі з гарадзенцамі перспектывы ўвядзення малога памежнага руху паміж Беларуссю і Польшчай, а таксама Беларуссю і Літвой. 



З 2009 года па гэтым пытанні вядуцца перамовы на дзяржаўным узроўні, але ў рэальнасці беларускі бок блакуе падпісанне адпаведных пагадненняў, што, па словах намесніка старшыні руху "За Свабоду” Алеся Лагвінца з’яўляецца паказчыкам стаўлення ўладаў да жыхароў краіны:

— Нармальныя ўзаемавыгадныя адносіны з Еўрапейскім Звязам, асабліва ў сённяшніх варунках, яны для нас вельмі важныя. Пытанні таго, каб людзі маглі вольна перасякаць мяжу — асабліва тыя, што жывуць на памежных тэрыторыях, яно вельмі важнае, асабліва ў варунках эканамічнага крызісу. Для шмат каго з людзей гэта спосаб эканамічнага выжывання, а ўлады якраз наадварот спрабуюць стварыць больш перашкодаў.

Дамова пра малы памежны рух дае права на бязвізавае перасячэнне мяжы жыхарам населеных пунктаў, якія знаходзяцца на адлегласці 30 кіламетраў па абодва бакі мяжы. У зону дзеяння малога памежнага руху ўваходзяць такія буйныя гарады, як Вільня, Брэст і Гродна. 


www.racyja.com