Масавыя затрыманні футбольных заўзятараў у Мазыры. Што вядома на гэты час
Пра 11 затрыманых у Мазыры 5 траўня паведаміла прэсавая служба МУС. Паводле версіі сілавікоў, 10 хлопцаў, якіх затрымалі 4 траўня з дапамогай ГУБАЗіКу і САХР, бралі ўдзел у масавых беспарадках у жніўні 2020 года.
Хлопцы былі ўдзельнікамі «каляфутбольнай групоўкі праварадыкальнай накіраванасці». Яшчэ адзін 54-гадовы затрыманы ў кола футбольных фанатаў не ўваходзіў, піша «Палеская Вясна».
Прэсавая служба ГУУС Гомельскага аблвыканкама ў сваім відэа заявіла, што затрыманыя 11 жніўня мінулага года выкарыстоўвалі супраць міліцыянтаў газавыя балончыкі, кідалі ў іх камяні.
«Палеская Вясна» паразмаўляла ў Мазыры з сябрам большасці затрыманых. Ён пацвердзіў, што хлопцы і сапраўды заўзелі за мясцовы футбольны клуб «Славія», але не ведае з іх боку ніякіх праяў правага радыкалізму. На шматтысячных шэсцях, якія адбываліся ў Мазыры пасля 14 жніўня і ў верасні мінулага года, іх не было заўважна. Магчыма, яны ўдзельнічалі ў мірных сходах, якія вечарамі адбываліся ў раённым цэнтры ў першыя дні пасля выбараў.
9, 10, 11, 12 і 13 жніўня ў Мазыры штовечар збіраліся людзі спачатку на плошчы Леніна ў цэнтры горада, а потым — у густанаселеным раёне на бульвары Юнацтва. Спачатку яны спрабавалі дамагчыся агалошвання сапраўдных вынікаў выбараў па кожным участку. Пры гэтым яны не рабілі анічога, што магло б зрабіць іх сходы не мірнымі — не псавалі маёмасць і транспарт, не рабілі агрэсіўных выпадаў у бок мінакоў альбо прадстаўнікоў сілавых структур, якія штовечар таксама былі на месцах збору. Больш за тое, 10 жніўня, калі міліцыянты і вайскоўцы ўнутраных войск выцеснілі ўдзельнікаў мірнага сходу з плошчы Леніна на лесвіцу, якая ідзе на прылеглую гару, людзі адтуль пачалі скандаваць лозунг «Міліцыя з народам!».
Міліцыянты ж разам з вайскоўцамі ўнутраных войск ужылі да ўдзельнікаў мірных выказванняў меркаванняў нематываваны гвалт. Яны пачалі жорстка затрымліваць і збіваць удзельнікаў мірных сходаў, якія не супраціўляліся, часта ляжалі на зямлі, прыкрываючыся ад шматлікіх хаатычных удараў гумавымі дручкамі і пінкоў нагамі. У інтэрнет трапілі шматлікія відэазапісы гэтых гвалтоўных дзеянняў сілавікоў. Пазней высветлілася, што да тых, каго ім удалося затрымаць, у памяшканнях Мазырскага РАУС ужываліся страшэнныя катаванні, іх мэтанакіравана збівалі, здзекаваліся з іх, прыніжалі маральна, пагражалі звальненнямі з працы, працяглымі тэрмінамі турэмнага зняволення.
Увосень за тое, што 11 жніўня 2020 года кінулі камяні ў бок аўтамабіля ўнутраных войск, у Мазыры асудзілі дваіх непаўналетніх хлопцаў Юрыя Мельчанку і Сяргея Лягуна. Іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле не ў масавых беспарадках, а ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з непадпарадкаваннем патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Суразмоўца «Палескай Вясны» паведаміў, што першым затрыманым, пра якога яму стала вядома, быў Данііл Скіпальскі. Ён выйшаў з пад’езда, каб ісці на працу, і адразу ж быў жорстка затрыманы. Менавіта ён фігуруе ў двух эпізодах на відэа МУС.
У дзень затрымання суседзі, якія сталі яго сведкамі, пра гэта паведамілі маці Данііла. А праз некаторы час да яе прыйшлі людзі ў цывільным і прад’явілі нейкую паперу. Яна ад хвалявання не здолела разабраць сэнс паперы і папрасіла патлумачыць. Ёй паведамілі, што будуць праводзіць ператрус у кватэры. Сілавікі, абшукваючы памяшканні, пыталі ў маці пра нейкую зялёную байку. Але такой не знайшлі. Яны агледзелі ноўтбук, але там таксама не аказалася нічога, што б іх зацікавіла, таму яны яго не забіралі. З кватэры забралі толькі некалькі налепак з фанацкай сімволікай клуба «Славія» і выявай герба «Пагоня». Паводле інфармацыі, якую маці Данііла Скіпальскага ўдалося атрымаць ад супрацоўнікаў праваахоўных органаў, Данііла затрымалі ў па арт. 108 (паводле непасрэдна ўзніклага падазрэння ў здзяйсненні злачынства) і затрымалі на 72 гадзіны, а вінавацяць яго папярэдне паводле арт.342.
Праваабаронцам удалося высветліць імёны яшчэ васьмярых затрыманых.
Яна пазначаныя нумарамі на скрыншоце з відэа МУС:
Вадзім Свінтэцкі,
Сяргей Гадыеў,
Аляксандр Сузько,
Нікіта Бандарэнка,
Віталь Мелех,
Уладзімір Панфіленка,
Данііл Скіпальскі,
Эдгард Максіменка
Павел Дворак,
Віталь Кузьменка.
Па стане на 6 траўня ўсе яны, апрача Нікіты Бандарэнкі, знаходзяцца ў ІЧУ Мазырскага РАУС. Перадачы для іх не прымаюць.