Матэрыяльная дапамога да адпачынку — толькі чальцам прафсаюза

Найбліжэйшым часам у калектыўны дагавор ААТ «МТЗ» плануюць унесці змены. Адна з іх закране выплаты матэрыяльнай дапамогі, калі сыходзяць у працоўны адпачынак, — цяпер яе будуць атрымліваць толькі сябры прафсаюза, піша «Народная Воля».

adpaczynak3.png

Пра гэта распавёў старшыня прафсаюзнага камітэта прадпрыемства Станіслаў Шыманскі.

«У калектыўную дамову будуць унесеныя значныя карэктывы з улікам змен у дзеючым працоўным заканадаўстве і прыняцця тарыфнага пагаднення, — распавёў ён газеце прадпрыемства. — Калі праца над праектам новай рэдакцыі калектыўнай дамовы завершыцца, супрацоўнікі прадпрыемства змогуць з ёю азнаёміцца, а параўнальны аналіз унесеных дапаўненняў і змен будзе прадстаўлены дэлегатам прафсаюзнай канферэнцыі ў студзені».

Ці справядліва, што толькі чальцам прафсаюза дадуць матдапамогу?

Старшыня «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў» і былы чыноўнік Аляксандр Ярашук лічыць, што гэта парушэнне Канстытуцыі.

«Па-першае, Асноўны закон гарантуе грамадзянам роўныя правы, незалежна ад таго, ці яны ўступілі ў нейкую грамадскую арганізацыю ці не, — выказвае сваё меркаванне Аляксандр Ільіч. — Уявіце сабе, калі б сказалі, што будуць атрымліваць дапамогу, напрыклад, толькі чальцы таварыства аматараў котак. Ну, гэта ўвогуле нонсэнс!

Па-другое, гэта відавочны прымус да прафсаюзнага сяброўства. Ты абавязаны ўступіць у прафсаюз, інакш будзеш губляць істотныя сумы. Гэта парушэнне Канстытуцыі і адпаведных канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы, якую ратыфікавала Беларусь. Людзі могуць уступаць у прафсаюз па сваім выбары або наогул нікуды не ўступаць.

На мой погляд, гэта таксама звязана і з грамадска-палітычнай сітуацыяй у краіне, рэйтынг афіцыйных прафсаюзаў сёння надзвычай нізкі, а падобныя нормы ў калектыўнай дамове — толькі адна з мер, якія нацэлены на ўтрыманне людзей у стойле дзяржаўных прафсаюзаў, каб забяспечыць абсалютнае дамінаванне ФПБ на прафсаюзным полі».

Былы кіраўнік «Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі», экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Ганчарык таксама лічыць, што матэрыяльная дапамога да адпачынку толькі чальцам прафсаюзаў – гэта парушэнне правоў працоўных.

«Я цяпер якраз параўноўваю расійскі і беларускі працоўныя кодэксы, дык вось у Расіі гэта ўсё забаронена, — кажа Уладзімір Іванавіч. — Але ў нас такія спробы ўвесь час былі, гэта робіцца для таго, каб прыцягнуць людзей у афіцыйны прафсаюз. Не думаю, што людзі будуць ладзіць з гэтай нагоды нейкія рэвалюцыі — хутчэй за ўсё, пагодзяцца. Так для іх прасцей».