Прызнаны экстрэмісцкім сайт «Беларускі партызан» стаў на паўзу

Сайт «Беларускі партызан», які быў прызнаны экстрэмісцкім, перастаў абнаўляцца ад моманту, калі пра гэта стала вядома. Нагадаем, сам сайт і ўсе яго сацсеткі трапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае Міністэрства інфармацыі.

301120211418.jpg


Раней «Беларускі партызан» выдаліў свой тэлеграм-канал, калі суд прызнаў яго экстрэмісцкім. Такі крок рэдакцыя патлумачыла жаданнем не падстаўляць сваіх чытачоў, у якіх могуць знайсці «экстрэмісцкую» падпіску.

Рашэнне наконт прызнання сайта экстрэмісцкім прыняў суд Чыгуначнага раёна Гомеля, які ў ліпені прызнаў экстрэмісцкім сайт і сацыяльныя сеткі тэлеканала «Белсат». Цяпер такая ж пастанова выйшла пра «Беларускі партызан», піша «Радыё Свабода».

«Мы ўпэўненыя, што свабода меркаванняў не можа лічыцца экстрэмізмам. Мы ўпэўненыя, што згода ў грамадстве не дасягаецца праз забароны і цэнзуру. Мы будзем думаць, што рабіць далей», — напісала рэдакцыя «БП».

Тыдзень таму экстрэмісцкім сталі тэлеграм-канал і сацсеткі «Нашай нівы», двое яе супрацоўнікаў, галоўны рэдактар Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзелу маркетынгу Андрэй Скурко, ужо некалькі месяцаў знаходзяцца ў турме па палітычна матываванай справе.

Таксама ў лістападзе «экстрэмісцкімі матэрыяламі» улады абвясцілі прадукцыю інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН». Сайт інфармацыйнай кампаніі Naviny.online таксама не абнаўляецца з моманту прызнання «БелаПАН» «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Улічваючы, што Міністэрства інфармацыі не пазбаўляла «БелаПАН» дзяржаўнай рэгістрацыі, цяпер, як жартуюць у сацсетках, «БелаПАН» з’яўляецца «афіцыйна зарэгістраваным у РБ экстрэмісцкім фарміраваннем».