Афіцыйна: сайт «Беларускі партызан» і ўсе яго сацсеткі прызнаны экстрэмісцкімі
Рашэнне аб гэтым прынятае яшчэ 12 лістапада рашэннем суда Чыгуначнага раёна Гомеля. Аднак толькі цяпер звесткі аб гэтым з'явіліся на сайце Мінінфарма.

«Мы ўпэўненыя, што свабода меркаванняў не можа лічыцца экстрэмізмам. Мы ўпэўненыя, што згода ў грамадстве не дасягаецца праз забароны і цэнзуру. Мы будзем думаць, што рабіць далей», — пракаментавала гэтае рашэнне каманда сайта.
У Беларусі экстрэмісцкімі прызнаны каля 300 інтэрнэт-рэсурсаў.
«Беларускі партызан» — беларуская інтэрнэт-газета, заснаваная ў 2005 годзе журналістам Паўлам Шараметам, загінулым у Кіеве ў 2016 годзе. Учора яму споўнілася б 50 гадоў.
19 снежня 2010 года ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі доступ да сайта ў Беларусі быў заблакаваны.
У снежні 2017 года Міністэрства інфармацыі заблакавала «Беларускі партызан» за публікацыю забароненай інфармацыі. У выніку «Беларускі партызан» аднавіў працу, змяніўшы дамен *.org на *.by.
13 верасня 2021 года доступ да сайта ў Беларусі зноў быў заблакаваны.