Хворую на рак супрацоўніцу праграмы развіцця ААН арыштавалі за рэпост. Агулам яна адседзіць 25 сутак

Жанчын ўжо двойчы арыштавалі за рэпост «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. На Акрэсціна жанчына захварэла на цыстыт, паведамляе «Вясна».

kak_sdelat_repost_v_instagrame_android_iphone.jpg

Сёння ў судзе Першамайскага раёна суддзя Максім Трусевіч разгледзеў справу 49-гадовай Анастасіі Несцеравай. Яна працуе фінансава-адміністрацыйным асістэнтам у праграме развіцця ААН у Беларусі.

Затрымалі жанчыну яшчэ 18 лістапада. Тады яе арыштавалі на 10 сутак па арт. 19.11 КаАП за захоўванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Адразу ў пратаколе напісалі, што яна зрабіла рэпост з «экстрэмісцкага» канала, але міліцыянты былі вымушаныя перапісваць пратакол, бо тое паведамленне, за якое яе судзілі, дасылала не сама Анастасія, а наадварот — ёй.

Таксама вядома, што мужа Несцеравай таксама арыштавалі на 15 сутак за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у "Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў"». Дома ў мужа і жонкі прайшоў ператрус, а тэхніку канфіскавалі.

28 лістапада Анастасія на волю не выйшла, бо на яе склалі паўторны пратакол па арт. 19.11 КаАП. На гэты раз — за рэпост з выдання «Z**kalo». Паводле слоў жанчыны, яна адправіла сяброўцы, якая жыве не ў Беларусі, інфармацыю пра яе пляменніцу, якая была размешчаная на гэтым партале. Віну сваю Несцерава прызнала, але папрасіла суддзю пакараць яе штрафам.

️У Анастасіі Несцеравай дыягнаставаны рак, які патрабуе хірургічнага ўмяшальніцтва. Акрамя гэтага, 73-гадовай маці Несцеравай патрэбны дагляд.

️Але суддзя Максім Трусевіч не звярнуў на гэта ўвагу і арыштаваў жанчыну на 15 сутак. Неглядзячы на цяжкую хваробу і тое, што яна ў ЦІПе захварэла на цыстыт і вымушана піць антыбіётыкі па прызначэнні лекара, Анастасія правядзе за кратамі агулам 25 сутак.