Мазырскія ўлады хочуць памірыць ахвяру хатняга гвалту з крыўдзіцелем паходамі ў царкву і арт-тэрапіяй

Чыноўнікі Мазырскага райвыканкаму распрацавалі адмысловую праграму для ўз’яднання праблемнай сямʼі. Пра гэта піша Белсат.

yy02m4na.jfif

Мясцовыя ўлады хочуць памірыць ахвяру хатняга гвалту Святлану Мішоту з былым мужам Максімам Ляпёшкіным. Для гэтага чыноўнікі падрыхтавалі фільм пра шчаслівую сямʼю і трэнінгі «Я – добры бацька».
У спісе захадаў ёсць шэраг іншых абавязковых пунктаў, якія былыя сужэнцы павінны выканаць, каб іхнага сына Мікіту не забралі ў прытулак.
Святлана Мішота кажа, што не хоча мець зносінаў са сваім крыўдзіцелям і не верыць, што заняткі дапамогуць дамовіцца і знайсці агульную мову.
«Навошта мне з ім камунікаваць, з асобай, якая здзекавалася і працягвае пісаць на мяне ў розныя інстанцыі абсурдныя заявы?» – распавядае belsat.eu Святлана.


Сярод падзеяў, якія маюць урэгуляваць адносіны паміж былой парай, ёсць паходы ў царкву на гутаркі аб сямейных каштоўнасцях «Запаветы сямейнага выхавання» з прадстаўнікамі Тураўскай епархіі, прагляд ролікаў, «скіраваных на фармаванне сямейнага дабрабыту», размовы з элементамі тэрапіі «Дзіця вучыцца таму, што бачыць у сябе ўдома».
«Я схаджу ў царкву, калі буду мець патрэбу, а не калі мяне туды выклікаюць. А калі б я была іншай рэлігіі?» – задаецца пытаннем Святлана.
Акрамя таго, жанчына кажа, што чыноўнікі неахайна правяралі ейны дом: маўляў, у хаце стаіць няспраўная печ, што небяспечна для дзіцяці.
«У мяне даўно няма ніякай печы, у нас новае газавае ацяпленне ўжо гадоў дзесяць. Ёсць дакументы. Буду пісаць. Цяпер мне зноў трэба пісаць скаргу, плаціць адвакату», – абураецца мазыранка.
Святлана адзначае і пазітыўны момант: суддзя апраўдала яе ў справе хуліганства. 12 кастрычніка на вачах у міліцыянтаў дзяўчыну збіў бацька былога мужа. На эмоцыях яна выпадкова перакуліла бутэльку з алеем, за што міліцыянты выпісалі ёй пратакол аб адміністратыўным парушэнні.
«Суддзя была на маім баку. Яна аспрэчыла, што я парушала грамадскі парадак. І аблаяла паводзіны міліцыянтаў: маўляў, не разумее, навошта яны ехалі са мной да бацькі былога мужа – мяне абараняць і дапамагчы забраць Мікіту, якога ад мяне хаваў дзядуля, або здымаць, як я «парушаю парадак», што было справакавана», – кажа Святлана.
Цяпер Гомельская пракуратура прыпыніла супраць Святланы першую адміністратыўную справу і пераглядае яе.
«Раней яны мае скаргі ігнаравалі, а тут даслалі ліст. Гэта, напэўна, дапамога «Белсату», дзякуй вам».
Калі дзяўчыну апраўдаюць, грошы, якія ёй давялося заплаціць, павінен будзе вярнуць ейны муж.
Жыхарка Мазыра Святлана Мішота доўгі час змагацца за свайго непаўнагадовага сына Мікіту. Ейны былы муж Максім Ляпёшкін пастаянна падае позвы на Святлану, каб забраць сына сабе. ДР belsat.eu