«Media-Pоlesye» аднавіла доступ да сайта праз VPN

«Media-Pоlesye» аднавіла доступ да сайта праз VPN, паведамляе «Радыё Свабода».

e8562a7b_5e35_46b7_bb18_0764b5505c90_cx0_cy2_cw0_w1023_r1_s.webp


Сайт «Media-Pоlesye» перастаў адкрывацца з вечара 2 верасня. Рэдакцыя даведалася ад хостара, што тэхнічных збояў не было, а рэсурс заблакаваны з боку правайдара. Прычыну хостар параіў шукаць у Міністэрстве інфармацыі.
Міністэрства інфармацыі на запыт рэдакцыі пакуль не адказала.
Цяпер тэхнічная служба аднавіла працу сайта. «Але мы не маем ілюзій, што гэта надоўга», — адзначыла рэдакцыя.
Трапіць на сайт у Беларусі можна толькі праз VPN. Мяркуючы па тым, што рэсурс знаходзіцца ў даменнай зоне .by, ва ўлад застаецца магчымасць не толькі заблакаваць яго, але і адключыць. Падобным чынам ліквідавалі сайты партала Tut.by і агенцтва «БелаПАН».
«Media-Pоlesye» выходзіць з чэрвеня 2012 года, з'яўляецца адным з нямногіх сайтаў у Беларусі, якія маюць статус сеткавага СМІ. Паводле выдання, іх наведваюць каля 30-40 тысяч карыстальнікаў за дзень.
У ліпені дома ў галоўнага рэдактара Святланы Гарда, ключавых супрацоўнікаў і ў офісе «Медыя-Палесся» прайшлі ператрусы. Тэхніку і іншыя носьбіты інфармацыі да гэтага часу не вярнулі.
У канцы ліпеня за публікацыю пра так званую «пінскую справу» суддзя Братанава аштрафавала «Медыя-Палессе» на 5771 рубель.