Медыкі чакаюць у Беларусі новыя штамы каронавіруса

У Беларусі чакаюць з'яўлення новых варыянтаў каронавіруса, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры загадчык кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Юрый Горбіч.

front__1_.jpg


«Напэўна, у бліжэйшы час да нас прыйдуць два чарговыя варыянты, яны ўжо пачалі паволі даходзіць, SARS-COV-2. Тыя, якія дамінуюць у Еўропе, тыя, якія дамінуюць у Азіі. Шчыра кажучы, да канца немагчыма цяпер сказаць, які стане першым дамінаваць у нас», — сказаў ён.

Па словах Горбіча, з прыходам гэтых варыянтаў пачне расці доля захворвання каронавірусам. Ён лічыць, што на гэтым фоне яшчэ больш актуальнай становіцца вакцынацыя.

Горбіч таксама падкрэсліў важнасць своечасовага звароту за медыцынскай дапамогай. Ён назваў прыкметы, якія павінны прымусіць насцярожыцца: тэмпература, якая не збіваецца да нармальнай альбо вяртаецца пасля прыёму лекаў, наяўнасць курчаў, змены свядомасці. Такі чалавек павінен знаходзіцца пад наглядам лекара.

Раней Мінздароўя паведамляла, што поўным курсам вакцынацыі ахоплена больш за 70% насельніцтва, а бустэрнай вакцынацыяй — каля 55%. Пры гэтым ведамства па-ранейшаму не раскрывае актуальных даных па колькасці пацыентаў і памерлых і ўвогуле спыніла публікацыю статыстыкі.


5 ліпеня ведамства паведаміла, што ў краіне было зарэгістравана 994 037 выпадкаў COVID-19, з пачатку пандэміі памерла 7118 чалавек. Пасля гэтай даты Міністэрства аховы здароўя не інфармавала пра захворванне, хоць у траўні абяцала публікаваць даныя па кавідзе першага чысла кожнага месяца.