Мінздароўя кажа пра рост захворвання на COVID-19, але па-ранейшаму маўчыць пра лічбы

Міністэрства аховы здароўя канстатуе рост захворвання на COVID-19 у Беларусі, але па-ранейшаму не раскрывае актуальных даных па колькасці пацыентаў і памерлых. І ўвогуле спыніла публікацыю статыстыкі.


21 верасня Міністэрства аховы здароўя праінфармавала органы кіравання аховай здароўя і медыцынскія ўстановы аб «пачатку перыяду ўздыму захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, у тым ліку COVID-19», паведамляе прэс-служба ведамства. Адзначаецца, што цяпер «ацэнка захворвання паказвае на кантраляваны характар эпідэміялагічнай сітуацыі», піша інфармацыйнае агенцтва BPN.

Ведамства прыняло рашэнне арганізаваць дыстанцыйныя курсы павышэння кваліфікацыі для лекараў агульнай практыкі, педыятраў, інфекцыяністаў, медсясцёр і некаторых іншых спецыялістаў.

30 жніўня Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла парадак працы медыцынскіх работнікаў ва ўмовах COVID-19. У прыватнасці, быў усталяваны аднастайны падыход да падзелу зон бальніц і паліклінік на «чыстыя і кантамініраваныя», вызначаны асаблівасці абсталявання шлюза і інш.

14 верасня міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч паведаміў, што ў Беларусі рэгіструецца невялікі рост захворвання на ВРІ, грып і кавід, аднак тэмп прыросту «ўдвая ніжэйшы, чым восенню 2021 года».


Актуальнай інфармацыі пра захворванне на COVID-19 Міністэрства аховы здароўя не падае. 5 ліпеня ведамства паведаміла, што ў краіне зарэгістравана 994 037 выпадкаў COVID-19, з пачатку пандэміі памерла 7118 чалавек. Пасля гэтай даты Міністэрства аховы здароўя не інфармавала пра захворванне, хоць у траўні абяцала публікаваць даныя па кавідзе першага чысла кожнага месяца.

Мінскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі (сталічная санітарная служба) амаль кожны тыдзень абнаўляе даныя аб захворванні на COVID-19 у свеце, але для Беларусі пастаянна паказвае колькасць захварэлых і памерлых, якую Міністэрства аховы здароўя апублікавала 5 ліпеня. На 19 верасня даныя заставаліся тымі ж.


Нагадаем, афіцыйна захворванне і смяротнасць ад кавіда ў Беларусі былі ў разы ніжэйшымі, чым ва ўсіх суседніх дзяржавах. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка неаднаразова дазваляў сабе жартаваць на тэму каронавіруса і выказвацца ў прыніжальным тоне пра памерлых ад яго. А 19 жніўня на сустрэчы з работнікамі прадпрыемства «Жураўлінае» і жыхарамі Пружанскага раёна (Брэсцкая вобласць) Лукашэнка заклікаў «не парыцца» з нагоды новай хвалі COVID-19.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: