«Кантраляваны характар эпідэміялагічнай сітуацыі». У Баранавіцкім раёне ўвялі масачны рэжым

У Баранавіцкім раёне праз уздым захворвання на COVID-19 з 23 верасня ўвялі масачны рэжым і абмежавалі масавыя мерапрыемствы. Адпаведнае рашэнне апублікавана на сайце Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Між тым, Мінздароўя кажа пра «кантраляваны характар эпідэміялагічнай сітуацыі» ў Беларусі.

1663910366_mediki_doktora_v_maskah_smotryat.jpg


Кіраўнікі арганізацый Баранавіцкага раёна абавязаныя сачыць, каб работнікі і наведвальнікі насілі маскі, калі няма магчымасці выконваць сацыяльную дыстанцыю (1-1,5 метра).

Таксама маскі павінны насіць работнікі ў арганізацыях аховы здароўя, аптэках, месцах грамадскага харчавання, усіх відах транспарту. Акрамя таго, масачны рэжым уводзіцца на прамысловых прадпрыемствах, іншых аб'ектах і арганізацыях.

Абавязаныя насіць маскі і супрацоўнікі ўстаноў адукацыі. Пры гэтым ва ўстановах адукацыі масачны рэжым уводзіцца і для студэнтаў. Таксама ва ўстановах адукацыі адмяняюцца масавыя мерапрыемствы, а ў іншых арганізацыях — рэкламныя і іншыя акцыі.

Санстанцыя папярэджвае, што да 1 кастрычніка будзе проста сачыць за выкананнем гэтых і іншых патрабаванняў, а потым пачне караць парушальнікаў.

У некаторых іншых раёнах абавязковы масачны рэжым дзейнічае толькі ва ўстановах аховы здароўя.

Цікава, што ўрач-эпідэміёлаг (загадчык супрацьэпідэмічнага аддзялення) аддзела эпідэміялогіі Азімка, які падпісаў гэту пастанову, спасылаецца на афіцыйную інфармацыю Мінздароўя ад 21 верасня 2022 года.

Мінздароўя сапраўды 21 верасня праінфармавала органы кіравання аховай здароўя і медыцынскія ўстановы аб «пачатку перыяду ўздыму захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, у тым ліку COVID-19». Аднак пры гэтым у паведамленні міністэрства адзначалася, што цяпер «ацэнка захворвання паказвае на кантраляваны характар эпідэміялагічнай сітуацыі».


Актуальнай інфармацыі пра захворванне на COVID-19 Міністэрства аховы здароўя не падае. 5 ліпеня ведамства паведаміла, што ў краіне зарэгістравана 994 037 выпадкаў COVID-19, з пачатку пандэміі памерла 7118 чалавек. Пасля гэтай даты Міністэрства аховы здароўя не інфармавала пра захворванне, хоць у траўні абяцала публікаваць даныя па кавідзе першага чысла кожнага месяца.

Паводле «Зеркало»