«Менскі велашпацыр» запрашае на экскурсіі ў Лошыцу і Баравую

На гэтым тыдні суполка гідаў «Менскі велашпацыр» прапануе дзве магчымасці нетрывіяльнага адпачынку: у будні вечар пасярод тыдня з імі можна з'ездзіць на велаэкскурсію ў Лошыцкі парк, а ў суботу абяцаюць самую бескантактную загарадную велаэкскурсію гэтага лета.

106775474_202991487686730_4707474933765225844_n.jpg

Лошыцкая экскурсія ў сераду распавядзе пра былы маёнтак Прушынскіх, знакамітую баляваннямі сядзібу графа Любанскага, месца загадкавай гібелі яго жонкі, сцежкі шпацыраў Купалы і Дуніна-Марцінкевіча, пра штаб па падрыхтоўцы дыверсантаў НКУС і нарады нацысцкага штаба... Як кажуць экскурсаводы гэтай экскурсіі — хранометры будуць зашкальваць ад канцэнтрацыі гістарычных падзей на лошыцкіх палянах.


Суботняя ж велавандроўка — на лётнае поле на Баравой з безліччу лятаючых апаратаў, у тым ліку распрацаваных беларускімі авіяканструктарамі, у легендарныя Раўбічы дзеля дзівосных храмаў, сучасных палацаў, спарткомплекса са славутай гісторыяй. Пасля ўсяго гіды абяцаюць завезці на пляж маляўнічага Дубраўскага вадасховішча, а вярнуць групу ў Мінск — па сцяжыне хвойнага лесу.


У вандроўках удзельнікі групы (а колькасць іх не будзе перавышаць шэсць чалавек) будуць абавязаныя прытрымлівацца правілаў эпідэміялагічнай бяспекі. Апроч таго, анансаваныя зніжкі не толькі для студэнтаў, пенсіянераў і работнікаў культуры, але таксама для ўсіх пацярпелых ад штрафаў і сутак за акцыі салідарнасці ў гэтым годзе.
Пвводле прэс-рэліза