Міхаіл Амнепадыстаў: Уяўляючы Беларусь
28 кастрычніка ў 18.30 дызайнер, паэт, перакладчык Міхаіл Амнепадыстаў прачытае лекцыю “Уяўляючы Беларусь” з цыкла “Галоўнае пытанне”, які ладзіць Лятучы ўніверсітэт.
Немагчыма ўявіць, каб культура развівалася з нейкага аднаго элемента. Гэта заўсёды комплекс, нейкі корпус сімвалаў, знакаў, сэнсаў… Які развіваецца менавіта як сукупнасць і набывае сэнс у гэтай спалучанасці элементаў. Пры змене гістарычных эпох, пад уплывам сацыяльных катаклізмаў гэты корпус можа змяняцца, ламацца, часам да непазнавальнасці — зразумела, кожны час растаўляе свае акцэнты.
“Рэстаўрацыя” культурных напластаванняў, пераасэнсаванне “мінулага” дае нам разуменне таго, што робіць набор розных элементаў адным цэлым альбо што перашкаджае цэльнасці культуры. Гэта ўзбагачае нас у вызначэнні “свайго”, надае нам здольнасць бачыць адбітак “сваёй культуры” ў самых “простых рэчах”. Дазваляе зразумець, што дае культуры развіццё, а што робіць яе проста калекцыяй — няхай сабе ўдалай і каштоўнай - здабыткаў іншых культур.
У пошуках адказу на пытанне “Што такое беларуская культура?” лектар прапануе зрабіць наступныя акцэнты: нацыя як "уяўленая" супольнасць на прыкладзе беларускага нацыяўтварэння; уніфікаванае ўяўленне і актуалізацыя; уяўленні айцоў-заснавальнікаў; уяўленні беларускіх адраджэнцаў канца ХІХ – пач. ХХ стагоддзяў; тутэйшасць і прасторавыя прэферэнцыі; Інбелкульт. Барацьба з нацыяналізмам. Савецкі і Заходнебеларускі дыскурсы; Беларусь пад нямецкай акупацыяй; пасляваенны супраціў і рэпрэсіі, адліга і стагнацыя; Адраджэнне 80-90-ых; незалежная Беларусь. Выбар і барацьба культурных мадэляў; культура Беларусі і беларуская культура. Межы і дамінанты.
Увага! Усіх жадаючых наведаць лекцыю просім папярэдне зарэгістравацца. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.
На сайце з’явіліся расклад і тэмы лістападаўскіх лекцый, падрабязнасці па спасылцы: www.fly-uni.org.