Міхаіл Жамчужны. Палітвязень, які вывучыў у турме беларускую мову

Праваабарончы цэнтар «Вясна» абвясціў, што праваабарончыя арганізацыі Беларусі лічаць заснавальніка ўстановы «Платформа» Міхаіла Жамчужнага палітычным вязнем.



zham.png

svaboda.org

Жыхар Віцебска, таленавіты навуковец, не заангажаваны ў палітычную дзейнасць, трапіў за краты ўжо другі раз, нагадвае Радыё Свабода.

У верасні Міхаілу Жамчужнаму споўнілася 60 гадоў. Ён нарадзіўся ў Віцебску, маці Міхаіла працавала настаўніцай — выкладала маляванне і чарчэнне. Раіса Ігнатаўна памерла некалькі гадоў таму — у той час Жамчужны адбываў першае сваё пакаранне. Гісторыя пра тое, як Міхаіл патрапіў за краты ўпершыню, звязана з ягонай вынаходніцкай дзейнасцю. У 2008 годзе на яго завялі справу за эканамічныя злоўжыванні. Тады ён выкладаў у тэхналагічным універсітэце, кіраваў даследчай лабараторыяй, якая працавала над атрыманнем вадароду дзеля выкарыстання ў прамысловасці. Пасля суда Міхаіл Жамчужны 4 гады адбыў у зняволенні. Спрабаваў абскардзіць свой прысуд, аднак справа была задужа складаная: яна тычылася навуковых распрацовак і вымагала вялікіх грошай на адвакатаў, спрактыкаваных у гэтай сферы. Урэшце ад ідэі рэабілітавацца Жамчужны адмовіўся, але на працу ва ўніверсітэт, дзе яго абвінавацілі, прынцыпова не вярнуўся.

Адбыўшы тэрмін, ён вырашыў далучыцца да праваабаронцаў. Да яго звярталіся людзі, з якімі ён раней быў за кратамі. Яны паведамлялі яму пра тыя ці іншыя праблемы ў месцах пазбаўлення волі. Разам з Андрэем Бандарэнкам ён заснаваў установу «Платформа інавэйшн». І затрымалі спадара Жамчужнага неўзабаве пасля арышту Бандарэнкі, у жніўні 2014 года.

Паколькі ў Віцебску ён не меў блізкіх сваякоў, пра ягонае апошняе затрыманне і арышт стала вядома не адразу. Яго ўтрымлівалі ў СІЗА-2, пра сутнасць абвінавачання не паведамлялася нічога канкрэтнага. Анічога не мог паведаміць з-за кратаў і сам Міхаіл. Але перапіска з ім дазволіла зрабіць некаторыя высновы, кажа Таццяна Севярынец, каардынатарка аргкамітэта па стварэнні партыі БХД:

«Я даведалася пра Міхаіла Жамчужнага ў сувязі з Андрэем Бандарэнкам. Андрэя я ведала, ведала, што ён звязаны з „Платформай“. А вось пра Міхаіла не ведала анічога! Я далёкі ад навукі чалавек, а ён — навуковец. Я няшмат ведала і пра дзейнасць „Платформы“. Ведала толькі тое, што ён быў у віцебскім СІЗА-2, і проста наўгад туды напісала. І атрымала адказ! З таго, што ён пісаў, са стылю напісанага, я зразумела, што гэта чалавек вельмі адукаваны, што ён разумее, што і як з ім здарылася. І ў першым жа лісце — пытанне, ці не чуваць пра ягоных сяброў і знаёмых. Ён гатовы быў цярпець, абы толькі не чапалі блізкіх яму людзей — тых, хто быў побач на волі!»

Праваабаронцы і іншыя неабыякавыя людзі падтрымлівалі яго матэрыяльна, паклапаціліся, каб у Міхаіла Жамчужнага быў адвакат. Зрэшты, Міхаіл быў упэўнены ў тым, што зможа разбіць падставы абвінавачання ў судзе. Пра гэта ён таксама пісаў у лістах, працягвае Таццяна Севярынец:

«Ён пісаў, што спадзяецца на сваю абарону больш, чымсьці на абарону адваката. Я не думаю, што ён наіўны чалавек, каб так лічыць. Ён сапраўды ў гэта верыў, была надзея дамагчыся праўды. Ён, паводле лістоў, аптыміст, і гэта вельмі важна. Нават у тых цяжкіх умовах ён заўжды падкрэсліваў, што ў яго ўсё выдатна, і што нават кормяць у турме смачна. Трымаўся годна. І я аднойчы прапанавала, каб яму было чым заняць свой час: „А давайце перапісвацца па-беларуску“. Ён, вядома, спачатку казаў, што даўно беларускую мову вывучаў, і што асноўная ў яго — руская. Але пагадзіўся, папрасіў выпраўляць памылкі. А я потым паглядзела — дык і няма чаго выпраўляць! Вось што значыць разумны, адукаваны чалавек. Я толькі паглядзела назвы ягоных навуковых распрацовах і вынаходніцтваў — і ўжо была ўражаная! І мы з ім лістуемся па-беларуску».

1 чэрвеня 2015 года Міхаіла Жамчужнага судзілі. Працэс у Віцебскім абласным судзе быў закрыты. Абараніцца падсуднаму не ўдалося, вырак суду ад 10 ліпеня быў жорсткі: 6 гадоў калоніі строгага рэжыму. Аднак ён не здаваўся — падаў касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд. Дзяржаўны абвінаваўца, які адразу патрабаваў для Жамчужнага 7 гадоў пазбаўлення волі, палічыў прысуд занадта мяккім, і таксама звярнуўся ў вышэйшую судовую інстанцыю. У выніку 23 кастрычніка Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разгледзеў касацыйную скаргу асуджанага й павялічыў тэрмін зняволення яшчэ на паўгода.

Міхаіл Жамчужны прызнаны вінаватым паводле некалькіх артыкулаў крымінальнага кодэксу: наўмыснае раскрыццё звестак, якія маюць службовую тайну, незаконнае набыццё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, якая складае службовую таямніцу, а таксама дача хабару.

Каментуючы тое, што беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязнем, прэзідэнт Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава Таццяна Равяка адзначыла:

«Уся гэтая справа — перадача Жамчужнаму інфармацыі, якая ўтрымлівае сакрэтныя звесткі — ініцыяваная Упраўленнем КДБ Віцебскай вобласці. Гэта была аператыўная распрацоўка. Атрымліваецца, што супрацоўнікі КДБ або цалкам справакавалі гэтую сітуацыю, або зрабілі працяглую ў часе справу з чатырма эпізодамі, не спынілі гэтыя супрацьпраўныя дзеянні пасля першага эпізоду гэтага эксперыменту і такім чынам значна пагоршылі становішча Жамчужнага, бо ўсе далейшыя дзеянні ўжо кваліфікаваліся як паўторныя злачынствы».

Праваабаронцы маюць дакументы, што Жамчужны на працягу 2013 2014 гг., атрымліваў ад дзяжурнага медыцынскага выцвярэзніка УУС Віцебскага аблвыканкаму службовыя дакументы з інфармацыяй: звесткі аб заведзеных крымінальных справах у дачыненні да службовых асоб, зводкі за 2012 і 2013 гады аб здарэннях з удзелам супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спецданясенне па факце раптоўнай смерці ў ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкаму і г.д. Гэтыя звесткі Жамчужны ўспрымаў як інфармацыю, якая мае грамадскі інтарэс, атрымліваў іх, каб выявіць незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і зрабіць іх публічнымі.

Цяпер праваабаронцы патрабуюць перагляду справы Міхаіла Жамчужнага справядлівым судом, прызнаючы, што ў ягоных дзеяннях ёсць склад правапарушэння — а менавіта дача хабару. Хаця дагэтуль невядома, ці супрацоўнікі КДБ справакавалі Жамчужнага на тое, што ён пачаў выкупляць гэтыя звесткі, ці сам Жамчужны шукаў такіх кантактаў з супрацоўнікамі сілавых структур.

Цяпер Жамчужны знаходзіцца на месцы адбыцьця пакарання — у калоніі № 14 у пасёлку Навасады Барысаўскага раёну. З карантыну яго перавялі ў атрад № 18. Міхаіл Жамчужны імкнецца трымаць сябе ў добрай спартовай форме і па-ранейшаму глядзець на свет з аптымізмам, кажа праваабаронца Леанід Свецік:

 «Калі ён знаходзіўся ў СІЗА, і падчас суду, і цяпер, калі ён у калоніі, лісты ад яго бадзёрыя. Ён піша, што здароўе не падводзіць, заўжды гатовы падтрымаць дыскусію, заўжды малюе „смайлікі“, калі нешта вясёлае піша. Відаць, што чалавек не здаецца, хоць яму за кратамі і не вельмі добра. Я заўжды пытаюся, што яму патрэбна — з рэчаў, лекаў, перыядычнага друку. У гэтым сэнсе ён вельмі сціплы, і я думаю, што такі ён па жыцці. Просьбы ў яго чалавечыя — каб яму пісалі лісты, каб былі з ім у кантакце, каб паведамлялі навіны. Бо ён заўжды цікавіцца, як жыве краіна, Віцебск, што адбываецца навокал».

Міхаіл Жамчужны просіць, каб яму перадалі самы просты гадзіннік — праваабаронцы ўжо знайшлі такі, і плануюць перадаць. Яшчэ палітвязень хоча ведаць апошнія навіны, хай сабе і афіцыйныя, таму просіць знайсці для яго радыёпрымач.