Міхаіл Жамчужны адмовіўся ад «кароны»

Зноў з цяжкасцю прабіўся «на волю» ліст ад Міхаіла Жамчужнага. Ён пачынаецца з анекдота пра нейкага ўладара, які ўявіў сябе царом і папрасіў ад Бога карону. І ў выніку атрымаў «карону».

zhamchuzhny_3_5_logo_1.jpg


Жамчужны піша, што пасля штрафнога ізалятару пераведзены на шэсць месяцаў у памяшканне камернага тыпу. Цяпер у яго ёсць магчымасць пісаць, чытаць і ноччу спаць у абдымку з матрацам, а не дошкамі, як у ШІЗА.
Палітвязень вывучае ўсе даступныя яму газеты, у тым ліку «Новы Час», і ўдзячны, што яго не забываюць у публікацыях. Яму падабаецца «дзвіжуха», якая пачалася ў ходзе выбарчай кампаніі.
Жамчужнага турбуе лёс некаторых няўдалых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, у тым ліку Вольгі Нікалайчык. З ёй ён знаходзіцца ў перапісцы (як вядома, у перыяд адбыцця 15-сутачнага арышту яна атрымала яшчэ два тэрміны па 15 сутак. — аўт.).
У сваім папярэднім лісце аўтар гэтых радкоў жартаўліва напісаў Жамчужнаму, што калі Нікалайчык раптам стане прэзідэнтам, то яна, перш за ўсё, выпусціць яго на волю і, больш за тое, падорыць яму карону і скіпетр. Таму ў канцы ліста Жамчужны жартуе ў адказ: «Ад «кароны» адмаўляюся, але скіпетр вазьму».
Нагадаем, у 2015 годзе грамадскі актывіст, заснавальнік «Платформ Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны быў асуджаны на 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. На працягу 2013-2014 гадоў актывіст атрымліваў ад працаўніка органаў унутраных спраў службовыя дакументы з інфармацыяй, якая, на думку Жамчужнага, уяўляла грамадскі інтарэс. Дакументы ён перадаваў у праваабарончую ўстанову «Платформа». Менавіта гэтая сітуацыя і стала падставай для крымінальнага пераследу.
Жамчужны быў прызнаны вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі; дачы хабару.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Міхаіла Жамчужнага вязнем сумлення.