Мікалая Аўтуховіча свядома катуюць!?
Палітвязень паведаміў пра пагаршэнне стану здароўя ў сувязі з горшымі ўмовамі ўтрымання.
Трывожную інфармацыю атрымалі сябры ад Мікалая Аўтуховіча, палітвязня гарадзенскай турмы.
Грамадская актывістка Вольга Мікалайчык, якая лістуецца з Аўтуховічам і апякуецца ягоным здароўем, кажа: "У ягонай камеры невыносная цвіль, невыносная вільгаць і пры гэтым задуха. Паведаміў, што ў яго вельмі моцна пачалі балець рукі. Нават калі бярэ ў руку кубак ці лыжку. І ўвогуле, вельмі кепска пачаў сябе адчуваць. І ён сам прасіў гэта агучыць ў СМІ. А калі ўжо Мікалай прасіў паведаміць, што ў яго пагоршыўся стан здароўя, то гэта дакладна, бо ён звычайна да апошняга кажа, што ўсё нібыта нармальна”.
Мікалай Аўтуховіч 8 красавіка мусіць выйсці на волю пасля 5 гадоў і 2 месяцаў зняволеньня. Вольга Мікалайчык не выключае, што сітуацыя з пагаршэннем здароўя палітвязня створаная штучна.
"Атрымліваецца, што яго свядома катуюць. Магчыма, каб на волі нічым іншым не займаўся, як толькі выпраўляў здароўе", — падазрае актывістка.
Мікалай Аўтуховіч за час зняволеньня некалькі разоў трымаў працяглыя галадоўкі, якія, паводле лекараў, адбіліся на ягоным здароўі. У тым ліку ў палітвязня хворыя зубы, але яму гэтак і не аказалі патрэбную дапамогу.
Два гады таму Мікалая Аўтуховіча перавялі з Івацэвіцкай калоніі ў Гарадзенскую турму як злоснага парушальніка рэжыму, дзе трымаюць у адзіночнай камеры.