Міколу Дзядка знялі з аўтобуса на мяжы: гэта другі дагляд за два тыдні

Раніцай 22 чэрвеня пры вяртанні ў Беларусь анархіста Мікалая Дзядка знялі з аўтобуса беларускія памежнікі, паведаміў праваабарончы сайт spring96.org.

Мікола Дзядок

Мікола Дзядок

Міколу суправадзілі на мытны дагляд, дзе прагледзелі ўсе асабістыя рэчы, у тым ліку кнігі і брашуры.
Падставай для надгляду стала «выбарачная праверка». Пасля гэтага Дзядка пасадзілі на іншы аўтобус.
Двума тыднямі раней анархіста здымалі з аўтобуса памежнікі, калі ён ехаў у бок Вільні. Нагодай для «спецправеркі», пра якую паведаміў беларускі памежнік, стала падазрэнне, што дакумент Дзядка «мае прыкметы падробкі».
«Усе кажа пра тое, што існуюць нейкія адмысловыя спісы на праверку на ўезд і выезд. У іх трапляюць ўсе сацыяльна актыўныя грамадзяне, ад анархістаў да праваабаронцаў. Аднак наяўнасць у спісе не азначае, што чалавека будуць "трэсці" кожны раз», — адзначыў тады Дзядок.
На яго думку, спісы «актывізуюцца» перад ключавымі падзеямі: выбарамі, Еўрапейскімі гульнямі і г.д. Дзядок лічыць, што зняцце з аўтобуса — яшчэ адзін від псіхалагічнага ціску.
tut.by