Міліцыя апытала сябра Руху «За Свабоду» па заяве па абразе Лукашэнкі

Жыхар Мачулішчаў Вячаслаў Сафронаў напісаў заяву на сябра Руху «За Свабоду» з Калінкавічаў Дзяніса Рабянка, у якой просіць пакараць яго за абразу Лукашэнкі на падставе публікацыяў у сацсетцы «Вконтакте».

126511746_vrag.jpg


«Сёння з раніцы мяне пабудзіў званок, кажуць: „Міліцыя“. Адчыняю, заходзіць участковы. Па ягоных словах, яму пераслалі заяву, каб ён правёў праверку. Нейкі Вячаслаў Анатольевіч Сафронаў з Мачулішчаў Мінскай вобласці патрабуе ў заяве прыцягнуць мяне да крымінальнай адказнасці па арт. 368-371 (публічная знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і вышэйшых службовых асобаў», — распавёў сайту Pyx.by Дзяніс Рабянок.
Па ягоных словах, у заяве паведамлялася, што Сафронаў чытае ягоную старонку ў «ВКонтакте» і вельмі абураны быццам бы знявагамі на гэтай старонцы, просіць разабрацца і ўзбудзіць крымінальную справу. У сваю чаргу сябра Руху «За Свабоду» патлумачыў, што ў яго сапраўды ёсць старонка ў гэтай сацсетцы, але ў заяве пазначаная не яна (ягонае імя напісанае з памылкамі, няправільны id-адрас старонкі), а цытаты, прыведзеныя у дакуменце, не ягоныя.
«Я пішу на сваёй старонцы пра Лукашэнку, але не пішу пагрозы, што былі ўказаныя ў заяве, пішу, што трэба змяніць уладу», — адзначыў сябра Руху.
Па ягоных словах, ужо знойдзеныя сайты, якія, верагодна, належаць Сафронаву, дзе ён піша і пра «рускі свет», і беларускую мову, і выступае як антысеміт. «Я ўпэўнены, што гэтая заява, звязаная са справай супраць „Регнума“. На тых старонках прапаноўвалі са мной разабрацца. Хвалююцца, што ў Беларусі ёсць людзі, якія актыўна выступаюць за беларушчыну і незалежнасць краіны», — дадаў Рабянок.
Актывіст адзначыў, што ён будзе задаволены, калі будзе праведзеная праверка і ва ўзбуджэнні справы будзе адмоўлена. «Калі завядуць справу, я буду актыўна абараняцца, у тым ліку напішу заяву на гэтага Сафронава па змесце ягоных сайтаў», — падкрэсліў Дзяніс Рабянок.
Участковы таксама запытаўся ў актывіста: «Ці з’яўляецеся вы членам апазіцыі?» «Я сябра апазіцыйнай партыі АГП і Руху „За Свабоду“, — адказаў Рабянок. — Мы публічна выказваем сваю нязгоду з палітыкай ўладаў, але гэта дазволеная Канстытуцыяй дзейнасць».
У межах праверкі будзе таксама апытаны і аўтар заявы Вячаслаў Сафронаў.
Вольга Быкоўская, pyx.by