Міліцыя хацела ўзмацніць рэжым прэвентыўнага нагляду для Жамчужнага – суд адмовіў

30 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Віцебска не задаволіў просьбы Кастрычніцкага РАУС аб змяненні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду ў дачыненні былога палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Супрацоўнікі РАУС хацелі зрабіць рэжым нагляду больш жорсткім, бо, на іх думку, Жамчужны «не стаў на шлях выпраўлення» – парушыў на ровары правілы дарожнага руху. Суд палічыў патрабаванні міліцыянтаў неабгрунтаванымі.

151131954_1097700854080453_2967338050534846162_n_logo_1.jpg

Справу разглядаў суддзя Сяргей Будрэвіч. Сам Міхаіл Жамчужны на паседжанні не прысутнічаў.
18 студзеня 2021 года суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ўстанавіў у дачыненні Міхаіла Жамчужнага прэвентыўны нагляд на 2 гады (Жамчужны выйшаў на волю 19 лютага). Былы палітвязень цягам гэтага тэрміну абавязаны 2 разы на месяц з'яўляцца для рэгістрацыі ў органы ўнутраных спраў. Яму таксама забараняецца наведваць крамы, кавярні і гандлёвыя палаткі ў мэтах набыцця алкагольных напояў.
Але наглядныя органы прыйшлі да высновы, што Міхаіл Жамчужны не стаў на шлях выпраўлення, бо 8 красавіка 2021 года быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху (арт. 18.20 КаАП) — яго папярэдзілі. З гэтай прычыны супрацоўнікі МУС падалі прадстаўленне ў суд з просьбай змяніць патрабаванні прэвентыўнага нагляду: зʼяўляцца для рэгістрацыі ў АУС 4 разы на месяц у прызначаны час і не наведваць месцы правядзення масавых мерапрыемстваў.
На судзе старшая памочніца пракурора Віцебска Крысціна Мацвеева выказала меркаванне, што прадстаўленне Кастрычніцкага АУС не падлягае задавальненню. З пададзеных у суд матэрыялаў вынікае, што Жамчужны не чыніў парушэнняў правілаў прэвентыўнага нагляду, хоць і атрымаў папярэджанне за парушэнне правілаў дарожнага руху.
«Учыненае Жамчужным адмііністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае ч.1 арт. 18.20 КаАП, не сведчыць аб неабходнасці абавязаць Жамчужнага не наведваць месцы масавых мерапрыемстваў», — гаворыцца ў пастанове суда.
Абавязак жа зʼяўляцца ў органы для рэгістрацыі ад 1-го да 4-х разоў на месяц і так прапісаны ў заканадаўстве.
У сваёй пастанове суддзя Сяргей Будрэвіч прадстаўленне АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска пакінуў без задавальнення.
«Матэрыялы справы ўсяляк ад мяне хавалі — і міліцыянты, і суд. Гэтак і не далі. Наконт жа рашэння — яно чаканае. Бо я змагаўся, змагаюся і буду змагацца з незаконнымі прысудамі. Усе суддзі, пракуроры і следакі гэта ведаюць. З улікам, што цяперашняя сітуацыя нявечная, яны не хочуць падпасці пад люстрацыю», — пракаментаваў рашэнне суду былы палітвязень і праваабаронца Міхаіл Жамчужны.
viciebskspring.org