Міліцыя ўзялася за актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП

У Гродне складзены пратакол на прадстаўніка Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Васіля Корабава, які нібыта браў удзел у акцыі ў падтрымку звольненага са Слонімскай камвольнай фабрыкі сябра іх прафсаюза Міхаіла Сошкі.

697d7def_5df2_4d4a_8fa9_14dc9259148e_w640_r1_s_cx0_cy3_cw0.jpg


Паводле Корабава, да яго на кватэру прыйшоў міліцыянт і даў пратакол для азнаямлення, а потым папрасіў падпісацца. У пратаколе Корабаў прачытаў, што 31 сакавіка браў удзел у несанкцыянаванай акцыі ў Слоніме побач з будынкам адміністрацыі камвольнай фабрыкі.

 

— Я адмовіўся падпісваць пратакол, паколькі там нават не былі ўказаныя сведкі, а папросту запісана, што я ўдзельнічаў. Так можна напісаць на кожнага і прынесці падсунуць падпісаць падобны пратакол.


Лідар Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч заявіў "Радыё Свабода", што падобныя пратаколы складзеныя таксама на сябраў прафсаюза з Брэсту, Мінску, Бабруйска і Баранавічаў, і ўсіх чакаюць суды.



gdb.rferl.org__5fc4d553_f576_4_e34f9afb8e6824f4de1d15acce6c7196.jpeg

Генадзь Фядыніч

— Улада папросту супрацьдзейнічае нашай прафсаюзнай дзейнасці. Мы прыехалі ў Слонім бараніць правы нашага калегі, якога незаконна звольнілі з працы. Атрымліваецца, што ўлада можа парушаць правы працоўных, а мы бараніцца не можам. Дзеля гэтага выкарысталі міліцыянтаў, якія нават не прыйшлі пад будынак фабрыкі, хаця іх РАУС недалёка знаходзіцца, не паразмаўлялі з намі, а папросту панапісвалі пратаколаў нават без сведкаў. Відавочна, што дадзены папросту загад зверху, каб ніякім чынам ніхто ня мог выказаць ніякага пратэсту. Але так справа ня пойдзе, бо мы збіраемся арганізаваць пратэст і на міжнародным узроўні ў абарону працоўных у Беларусі, — няхай не думаюць, што будзем маўчаць.


Міхаіл Сошка адпрацаваў на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы 30 гадоў. Апошнія некалькі гадоў ён выйшаў з афіцыйнага прафсаюза і стаў сябрам прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці, а да ўсяго пачаў займацца актыўнай грамадскай дзейнасцю.


gdb.rferl.org__4021fd9c_37c4_4_afd5c8b45eb3944cb41111bc72830597.jpeg

Акцыя падтрымкі актывіста прафсаюзу РЭП у Слоніме

Сошка, паводле актывістаў, як прафсаюзны дзеяч неаднойчы заступаўся за правы іншых рабочых на прадпрыемстве. Як сябра прафсаюзу РЭП разам з іншымі актывістамі з Беларусі наведваў Швецыю на запрашэнне калегаў з прафсаюзу IF Metall. Па вяртанні ў Слонім хацеў падзяліцца вопытам з рабочымі камвольнай фабрыкі, за што атрымаў спагнанне.

 

У апошні дзень працы Сошкі сябры прафсаюза РЭП з розных гарадоў Беларусі прыехалі ў Слонім і правялі побач з будынкам адміністрацыі фабрыкі акцыю. Некаторыя трымалі ў руках плакат: «Рукі прэч ад Міхаіла Сошкі».


www.svaboda.org