Міліцыя не аддае гітары і ўзмацняльнікі, якія забрала ў панкаў

Маладыя людзі запісалі відэазварот да ўладаў, у якім просяць пакараць супрацоўнікаў міліцыі, якіх іх збівалі. 



amap1.jpg

belsat.eu

Таксама просяць вярнуць уладальнікам канфіскаваную апаратуру коштам $ 5 тыс.

Панк-канцэрт адбываўся 1 жніўня ў лесе пад Менскам, на якім павінны былі выступіць гурты «Destroyers», «Chaos Machine», «Grosman», «Time2Begin», «The Small» і інш.

Імпрэза ў грубай форме была спыненая супрацоўнікамі АМАП, паведамляе Белсат са спасылкай на Naviny.by.

«Мы адпачывалі. Мы нікому не перашкаджалі. Калі стала цёмна, прыехаў аўтазак, прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Пачалі валіць усіх на падлогу. Сказаць, што гэта было «культурна» — нічога не сказаць. Яны ўжывалі сілу і лаянку», — згадвае адзін з відавочцаў.

У аўтазак запіхалі каля 50-60 чалавек і даставілі ў Ждановіцкі аддзел міліцыі, што ў пасёлку Ратамка. Музычныя інструменты і апаратуру пры гэтым канфіскавалі.

Большасць затрыманых адпусцілі пасля праверкі дакументаў. У дачыненні да пяці маладых людзей склалі пратаколы, некаторых з іх моцна збілі. Некаторыя правялі содні ў аддзяленні міліцыі і яшчэ адны содні ў ізалятары часовага ўтрымання Менскага раёну.

Канфіскаваную апаратуру пакуль вярнуць не ўдалося. Згодна з дакументамі, Менскае РУУС, абсталяванне было канфіскаванае праз парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, аднак адміністратыўная справа па гэтым факце пасля была спыненая. На шматразовыя просьбы вярнуць апаратуру і інструменты міліцыя адказвае адмовай на падставе таго, што ўладальніца не мае дакументаў, якія б пацвердзілі, што гэта яе ўласнасць.

«Уся апаратура набывалася мной цягам некалькіх гадоў на тэрыторыі розных краінаў. Нешта набывалася ў крамах, і рахункі я не захоўвала. Нешта набывалася з рук у інтэрнэце. Нешта мне дарылі сябры. То бок ніякіх дакументаў, акрамя пары інструкцый і скрынак, у мяне няма», — распавядае ўладальніца апаратуры.

Маладыя людзі маюць намер дабівацца вяртання апаратуры, якая, згодна з іх ацэнкамі, каштуе каля $ 5 тыс.