Міліцыя забараняе граць вулічным музыкам насуперак закону

Вулічныя музыкі ствараюць каларытную атмасферу любому гораду. Часамі іхныя выступы прыцягваюць увагу не толькі мінакоў, але і прадстаўнікоў праваахоўных органаў.



dsc1394.jpg

Вулічныя музыкі даўно сталі звычайнаю справаю на вуліцах Менску. Яны прапаноўваюць мінакам музыка на самы розны густ.

«Мы выступаем у падземных пераходах з мэтаю папулярызацыі нашай музыкі, гурта. Каб людзі запрашалі нас на розныя мерапрыемствы», — распавядае Стас Вярэніч, гурт «Дзеці падзямелля».

Звычайна хлопцы граюць на вуліцах, але ў кепскае надвор’е яны перасоўваюцца ў падземныя пераходы. І гэта, на жаль, не вельмі падабаецца працаўнікам міліцыі.

«Яны кажуць: у нас выканкам, у нас Дом ураду, вы граеце паміж імі. Ці лічыце вы гэта нармальным?» — зазначае іншы ўдзельнік гурту «Дзеці падзямелля» Віктар Макаранка.

Часцей за ўсё такі канцэрт скончваецца для музыкаў просьбай разысціся альбо затрыманнем. Аднак адмыслоўцы кажуць, што сёння вулічная музыка вельмі запатрабаваная.

«Граць на вуліцах — гэта вельмі старажытная традыцыя. Многія беларускія музыкі едуць улетку ў еўрапейскія краіны, каб выправіць сваё фінансавае становішча», — зазначае музычны крытык Зміцер Падбярэзскі.

Вулічныя імпрэзы дапамагаюць выканаўцам падрыхтавацца да вялікай сцэны. Але і легенды беларускай рок-музыкі не цураюцца спускацца пад зямлю. У верасні Лявон Вольскі адзначыў сваё 50-годдзе выступам у менскім пераходзе. Канцэрт доўжыўся амаль паўгадзіны ды сабраў каля сотні прыхільнікаў музыкі. Аніякіх папярэджанняў альбо спыніць імпрэзу з боку міліцыянтаў не было. Але гэты прыклад, хутчэй, выключэнне з правілаў.

Беларускі ж закон кажа, што міліцыянты не маюць рацыі, калі забараняюць вулічныя выступы.

«Сёння няма такой забароны ў адміністрацыйным кодэксе, што вулічным музыкам нельга пець, выступаць. Напэўна таму супрацоўнікі міліцыі не ведаюць, што рабіць з вулічнымі музыкамі і куды іх прыцягваць», — зазначае праваабаронца Алег Волчак.

Адзінае, да чаго могуць прычапіцца праваахоўнікі, — гэта збор сродкаў, які часам ладзяць музыкі. Паводле Алега Волчака, і тут можна легалізаваць сваю дзейнасць згодна з 295 артыкулам Падатковага кодэксу. Зарэгістраваць фізічную асобу, заплаціць адзіны падатак і выступаць без перашкодаў.

Дзеянні, якія не прапісаныя ў законе часцяком выклікаюць у міліцыянтаў незадаволенасць. Аднак творчасць вулічных музыкаў, што нясе радасць людзям, нельга кваліфікаваць як парушэнне.

Вулічныя музыкі ёсць амаль ва ўсім свеце. У некаторых краінах іхныя выступы легалізаваныя, у іншых — пад забаронаю. Але ў якой бы краіне музыкі не гралі, яны ствараюць асаблівы настрой і дадаюць прывабнасці любому гораду. Выпадковыя менчукі прытрымліваюцца гэтай пазіцыі.

«Лепшае, што можа быць на вуліцы — гэта вулічныя музыкі і вулічныя акторы», — мяркуе малады мужчына.

«Людзі намагаюцца неяк зарабіць грошы, таму што музыкі ў Беларусі амаль ніяк не зарабляюць, бо ў нас няма аніякага прасоўвання ў краіне», — выказваецца дзяўчына. Яшчэ адна міначка лічыць, што вулічныя музыкі зараджаюць пазітывам, калі граюць добрую музыку.

Менчукі выказваюцца супраць таго, каб міліцыянты перашкаджалі музыкам граць.

«Мне вельмі непрыемна, калі іх ганяе міліцыя, бо вулічная музыка робіць любы горад больш чалавечным. Патрабаваць ад іх нейкіх выплатаў абавязковых падаткаў проста непрыгожа», — кажа жанчына.

Аднак паступова сітуацыя змяняецца. Шчаслівымі прыкладамі супрацы з гарадскімі ўладамі ўжо нікога не здзівіць. Студэнт БНТУ атрымаў дазвол і зладзіў цэлы фестываль вулічных музыкаў сёлета. Хлопец сабраў музыкаў з пераходаў метро і ў выніку на фэсце выступілі 33 гурты ў розных кутках Верхняга гораду.

Belsat.eu