Міліцыянта, падзенне якога стала прычынай арышту Ціханоўскага, абразілі тысячу разоў
Мінчука пакаралі «хатняй хіміяй» за знявагу міліцыянта, які летась у траўні падчас тузаніны на пікеце Ціханоўскай у Гродне паваліўся на зямлю.
57-гадовага Андрэя Васілеўскага прызналі вінаватым у абразе міліцыянта з Гродна Уладзіміра Казлоўскага, які паваліўся на зямлю падчас тузаніны 29 траўня мінулага года на выбарчым пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. У выніку Васілеўскаму прысудзілі два з паловай гады «хатняй хіміі».
Паводле версіі абвінавачвання, Васілеўскі пакінуў каментар у «Аднакласніках» пад допісам Вольгі Карач са словам «мразь».
Пацярпелы міліцыянт расказаў, што ў той дзень яму прыйшло «больш за тысячу абраз, пагроз ужывання гвалту» як у дачыненні да яго, так і ў дачыненні да яго родных і блізкіх, а каментар абвінавачанага «дыскрэдытаваў яго ў вачах грамадскай думкі, нанёс удар па аўтарытэце, прынізіў прафесійныя якасці».