Мінабароны патлумачыла, за што заблакавалі сайт Zvarot.by

Міністэрства абароны патлумачыла, чаму быў заблакаваны рэсурс Zvarot.by, на якім збіралі подпісы за падрабязнае расследаванне інцыдэнту са смерцю салдата ў Печах і за адстаўку кіраўніка ведамства Андрэя Раўкова.

1_6_2.jpg


На сайце Мінабароны з’явілася інфармацыя пра тое, што са Zvarot’а на пошту міністэрства паступіла вялікая колькасць паведамленняў з аднаго і таго ж электроннага адрасу з выкарыстаннем праграмнага забеспячэння для рассылкі спаму. Служба тэхнічнай падтрымкі, якая абслугоўвае Міністэрства абароны, паведаміла пра гэта ў глабальны сервіс барацьбы са спамам SpamCop.
“Аналіз зваротаў, якія паступілі з сайта zvarot.by на паштовы сервер Міністэрства абароны, паказаў, што былі пазначаныя неіснуючыя адрасы электроннай пошты адпраўніка і іх рэгістрацыйныя дадзеныя (прозвішча, імя, імя па бацьку і хатні адрас). Такім чынам, вакол гэтага здарэння на падставе домыслаў і чутак разгорнутая мэтанакіраваная кампанія па дыскрэдытацыі Узброеных сілаў”, — паведамляе прэс-служба Мінабароны.
Кампанія па зборы подпісаў за расследаванне інцыдэнту ў Печах і за адстаўку Андрэя Раўкова пачалася 11 кастрычніка і за першыя суткі сабрала 4 тысячы подпісаў. Сайт быў заблакаваны і потых зноў стаў даступны. Агулам сабрана амаль 9 тысяч подпісаў, але цяпер Zvarot.by заблакаваны паўторна.
Цяпер інтэрнэт-карыстальнікі, якія падпісвалі зварот, кажуць, што на іх пошту прыходзяць запыты з Мінабароны, дзе просяць пацвердзіць факт адпраўлення паведамлення.
Накіраваць свой зварот наўпрост у ведамства можна тут.
euroradio.fm