Мінабароны паведаміла, што з аднаго з палігонаў збег салдат тэрміновай службы. Абвясцілі план «Перахоп»
У Мінабароны паведамляюць, што вайсковец тэрміновай службы пакінуў тэрыторыю палігона, знаходзячыся за рулём грузавога аўтамабіля. На якім палігоне адбыўся інцыдэнт, не ўдакладняецца. Як мяркуецца, ён накіраваўся да месца пражывання сваёй дзяўчыны — у Полацкі раён, удакладняюць у ведамстве.

«Па кірунку руху аўтамабіля аператыўна быў абвешчаны план «Перахоп». Аўтамабіль знойдзены на абочыне праезнай часткі. У дадзены момант сумесна з праваахоўнымі органамі вядуцца пошукавыя дзеянні. Вайсковец не мае заўваг па службе, у падраздзяленні характарызуецца станоўча. Прававая ацэнка правапарушэнню будзе дадзена ў рамках расследавання», — паведамляе Мінабароны.
Наша чытачка распавяла, што па дарозе Р46 Лепель-Полацк ДАІ спыняе машыны, правярае дакументы. «Каля вёскі Сарочына Ушацкага раёна (каля 35 кіламетраў ад Полацка. — Прыма. рэд.) і пад Полацкам стаяць ДАІ, міліцыя з сабакамі і аўтаматамі. Яны спыняюць машыны, правяраюць дакументы. Нашу машыну таксама спынілі», — паведаміла чытачка.
Паводле tut.by