Мінадукацыі вырашыла, якім будзе «кастынг» у беларускі дзіцячы тэхнапарк

Мінадукацыі Беларусі вызначыла парадак адбору адораных дзяцей у мэтах прыёму на навучанне ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, паведамляе Радыё Свабода

f559fa03_138f_4a8c_9b41_3c8bf55b2a7b_w1023_r1_s.jpg

Адпаведная пастанова апублікаваная на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з дакументам, адбіраць вучняў будуць, як правіла, са школьнікаў 9-11 класаў і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных установаў.
Адбор будзе праводзіць экспертная рада ў тры этапы: завочны і два вочныя.
Для ўдзелу ў першым завочным этапе трэба будзе накіраваць на сайт дзіцячага тэхнапарку свой даследчы праект (работу).
На другім этапе будуць тэставыя заданні на вызначэнне ўзроўню тэхнічнага, аналітычнага і прасторавага мыслення вучня. Адразу ў другім этапе змогуць удзельнічаць пераможцы і прызёры міжнародных, рэспубліканскіх і абласных (менскага гарадскога) адукацыйных спаборніцтваў; а таксама ўдзельнікі заключнага этапу рэспубліканскіх спаборніцтваў.
Трэці этап – сумоўе, па выніках якога будуць фармаваць групы для навучання па розных кірунках.
У школе на працягу 5 дзён пасля залічэння вучня ў дзіцячы тэхнапарк мусяць распрацаваць для яго індывідуальны навучальны план на перыяд навучання.
Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк плануюць адкрыць у Беларусі 1 студзеня 2021 году. Як мяркуецца, штогод у ім будуць вучыцца каля 2 тысяч найбольш адораных дзяцей. Галоўныя напрамкі: робататэхніка, 3D-мадэляваньне, інтэрнэт-праекты, інфармацыйныя тэхналогіі – усяго каля 10.
Спачатку ўсе навучэнцы тэхнапарку будуць праходзіць спецыяльна распрацаваную 21-дзённую праграму, пасля кожны будзе займацца паводле індывідуальнага плану, а выкладчыкі тэхнапарку будуць суправаджаць вучняў дыстанцыйна.
На тэрыторыі тэхнапарку будзе вучэбна-лfбараторны корпус і інтэрнат для навучэнцаў, пражыванне і харчаванне ў якім мае фінансавацца з дзяржаўнага бюджэту. Выкладанне забяспечаць высокакваліфікаваныя настаўнікі, выкладчыкі ВНУ, навукоўцы, супрацоўнікі навукова-даследчых і прамысловых кампаній.