Мінадукацыі зацвердзіла мінімальныя балы ЦТ, неабходныя для падачы дакументаў у ВНУ

Міністэрства адукацыі Беларусі зацвердзіла мінімальныя балы, якія неабходна набраць абітурыентам на цэнтралізаваным тэставанні для наступнай падачы дакументаў у ВНУ. Адпаведная пастанова ведамства № 11 ад 3 сакавіка апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.



ct1.jpg

Так, беларускую або рускую мову ўсім абітурыентам неабходна здаць не менш чым на 10 балаў (па 100-бальнай шкале), а тым, хто паступае на спецыяльнасці "Беларуская мова і літаратура", "Руская мова і літаратура", "Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (з указаннем мовы)","Руская мова і літаратура. Замежная мова (з указаннем мовы)","Беларуская філалогія (па напрамках)","Руская філалогія (па напрамках)","Славянская філалогія", — не менш чым на 20 балаў.
Матэматыку, фізіку, хімію і біялогію, калі яны з'яўляюцца першымі профільнымі прадметамі, неабходна здаць мінімум на 15 балаў, гісторыю Беларусі, сусветную гісторыю найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфію і замежныя мовы — мінімум на 20 балаў.
Калі прадмет лічыцца другім профільным, то тэст па матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі неабходна здаць не менш чым на 10 балаў, па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўству, геаграфіі і замежных мовах — на 15 балаў.
Асобна мінімальныя балы ўстаноўленыя для ваенных факультэтаў, ВНУ, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства абароны, МНС і Дзяржпагранкамітэта, для месцаў, якія засталіся вольнымі пасля асноўнага набору ў ВНУ МУС, а таксама на некаторыя сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. Пры паступленні ў гэтыя ўстановы адукацыі неабходна набраць хаця б 5 балаў, каб падаць дакументы ў прыёмную камісію.
Нагадаем, дыферэнцыраваны падыход у вызначэнні ніжніх парогавых балаў цэнтралiзаванага тэставання, неабходных для падачы дакументаў у ВНУ, упершыню быў прыменены ў мінулым годзе.
Паводле БелаПАН