Мінчане просяць Лукашэнку выратаваць парк 40-годдзя Кастрычніка
З апошняй надзеяй на аднаўленне справядлівасці пры вырашэнні лёсу парка 40-годдзя Кастрычніка група мінчан накіравала зварот у Адміністрацыю прэзідэнта.
Значная частка парку 40-годдзя Кастрычніка была знішчана ў сувязі з будаўніцтвам гасцінічнага комплексу «Пекін». Будаўніцтва гасцінічнага комплексу суправаджалася неаднаразовымі запэўненнямі з боку чыноўнікаў аб тым, што па заканчэнні будаўніцтва тэрыторыя парку будзе пашырана і добраўпарадкавана.
Аднак абяцанні чыноўнікаў засталіся толькі абяцаннямі. Аднаўленне і добраўпарадкаванне парку ў бліжэйшы час Мінгарвыканкамам не плануецца. Акрамя таго, грамадскасці стала вядома пра тое, што рыхтуецца забудова тэрыторыі былога капішча, гісторыка-культурнай каштоўнасці, прылеглай да змешчанага на тэрыторыі парку рэстарану «Старое рэчышча».
«Інстытут Мінскграмадзянпраект» ужо вядзе распрацоўку архітэктурнага праекта забудовы. Рэалізацыя падобных планаў прывядзе да яшчэ большага скарачэнне тэрыторыі парку 40-годдзя Кастрычніка.
Звярнуцца да Лукашэнкі грамадзян прымусіла безвыніковыя стасункі з чыноўнікамі на ўзроўні горада. Людзі хочуць дамагчыся аднаўлення і добраўпарадкавання тэрыторыі парку 40-годдзя Кастрычніка,
размяшчэння абеліска ў гонар параду партызанаў на яго тэрыторыі і арганізацыі мемарыяльнага аб'екта на тэрыторыі былога капішча. Акрамя мясцовых жыхароў зварот падпісалі прадстаўнікі сферы
навукі і культуры.
Як лічыць Віктар Янчурэвіч, каардынатар «Еўраперспектывы», невыкананне чыноўнікамі сваіх жа абяцанняў падрывае аўтарытэт і давер да ўлады, спрыяе росту сацыяльнай напружанасці і азлобленасці грамадзян. «Удвая крыўдна, калі інтарэсы грамадзян прыносяцца ў ахвяру дзеля задавальнення растучых амбіцый бізнес-структур. Сярод грамадзян існуе меркаванне, што прэзідэнту не ўсё дакладваюць, і што многія праблемы маглі б быць вырашаны на карысць грамадзян, калі б пра іх стала вядома Прэзідэнту. Зварот да Лукашэнкі для простых грамадзян — апошняя надзея на аднаўленне справядлівасці ў канфліктным пытанні», — сказаў Янчурэвіч.
Паводле прэс-рэліза