Мінгарсуд пакінуў прысуд журналістцы НЧ за караблікі

Сёння, 5 лютага, Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне пакараць штрафам журналістку «Новага Часу» Дзіяну Серадзюк за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі каля расійскай амбасады 26 лістапада 2018 года . 

Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы

Нагадаем, 26 лістапада Дзіяна асвятляла акцыю каля расійскай амбасады, дзе маладзёны ў знак пратэсту супраць захопу ўкраінскіх катараў і буксіра расійскімі ВМС усклалі на парапет агароджы амбасады папяровыя караблікі.
Нягледзячы на далучаныя да справы копіі рэдакцыйнага задання, пасведчання журналісткі і раздрукоўкі матэрыяла пра ўскладанне папяровых караблікаў каля расійскай амбасады, які для «Новага Часу» падрыхатавала Дзіяна Серадзюк, суд прызнаў яе вінаватай у парушэнні артыкула 23.34 КоАП і пакараў штрафам у памеры 490 рублёў. Аналагічна былі пакараны актывісты Святлана Каваленка і Яўген Батура.
5 лютага суддзя Мінгарсуда Яўген Хаткевіч разгледзеў апеляцыйную скаргу Серадзюк, Каваленка і Батуры і пакінуў прысуд  у сіле.
Дзіяна Серадзюк заявіла, што збіраецца абскарджваць гэтае рашэнне.