Мінгарвыканкам адказаў на петыцыю аб перайменаванні «Плошчы Леніна»
Аказваецца, мінчане супраць гэтага.
У пачатку ліпеня мінчукі склалі петыцыю з патрабаваннем перайменаваць станцыю метро «Плошча Леніна», таму што такой плошчы не існуе — выхад з метро вядзе на плошчу Незалежнасці. Мінгарвыканкам адказаў — з адказу вынікае, што ў «мясцовых СМІ» спыталі меркаванне мінчукоў па гэтым пытанні, і большасць выказаліся супраць, піша Citydog.by.
155 чалавек падпісалі петыцыю. Акрамя аргументу аб адсутнасці плошчы Леніна як такой, аўтары петыцыі таксама настаялі на тым, што сам Ленін «не з'яўляецца дзеячом беларускай гісторыі». Успомнілі Брэсцкі мір, які падзяліў Беларусь на дзве часткі. «Трэба выправіць гэтую памылку і зрабіць назву станцыі карэктнай і тапанімічна правільнай», — заключылі аўтары петыцыі.
24 жніўня ў Мінгарвыканкаме падпісалі афіцыйны адказ. Гарадская камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак горада апублікавала ў мясцовых СМІ аб'яву з просьбай да мінчукоў выказацца па гэтай тэме. У прэс-службе Мінгарвыканкама патлумачылі, што звычайна такія аб'явы з'яўляюцца ў газеце «Мінскі кур'ер». У афіцыйным адказе напісана, што «ў камісію паступіла звыш 40 лістоў з меркаваннямі па гэтым пытанні. У 31 лісце (у тым ліку былі калектыўныя звароты) меркаванні супраць перайменавання станцыі метро «Плошча Леніна». Гэта значыць, станцыю перайменаваць пакуль што нават не плануюць.
Паводле kyky.org