Мінгарвыканкам зарэгістраваў юрыдычны адрас беларускамоўнага ўніверсітэта

Мінгарвыканкам зарэгістраваў юрыдычны адрас будучага беларускамоўнага ўніверсітэта. Пакуль ён з’яўляецца структурным падзраздзяленнем ТБМ, мае назву «Універсітэт «Альбарутэнія». Офіс знаходзіцца на вуліцы Шчарбакова, 32 у Партызанскім раёне сталіцы.

dsc_7217.jpg

Днямі туды завязуць мэблю і павесяць шыльду. Функцыі рэктара выконвае старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў. “Калі ўлада не бачыць патрэбы ствараць дзяржаўны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання, мы хочам стварыць прыватны аналаг”, — цытуе яго словы Радыё Свабода.
Мяркуецца, што асноўныя факультэты будучага ўніверсітэта будуць гуманітарнага кірунку. Аднак можа з’явіцца і факультэт ”ІТ-тэхналогій”. Трусаў кажа, што на першым этапе будзе невялікая колькасць студэнтаў. Стаіць задача пасля атрымання дазволу на адукацыйную дзейнасць падрыхтаваць “беларускамоўных выкладчыкаў новага светапогляду — з еўрапейскім поглядам на адукацыю”. Алег Трусаў адзначыў, што ўжо цяпер у аргкамітэце ёсць “нямала былых выкладчыкаў ЕГУ”.
Старшыня ТБМ спадзяецца, што ў выпадку, калі будзе запушчаны прыватны праект, магчыма, і дзяржава створыць Нацыянальны дзяржаўны ўніверсітэт.
Паводле euroradio.fm