«Міні-Басовішча» ў Мінску з поўным аншлагам (фотарэпартаж)
Штогадовы фестываль «Басовішча» на гэтую зіму пераехаў у сталічны клуб «Ілі-ілі», дзе 19 лютага прайшоў адбор на фэст музыкі маладой Беларусі. У «Адборышчы» прыняло удзел дзесяць беларускіх гуртоў і выканаўцаў. З іх толькі чатыры трапяць ўлетку на сцэну падляскага Гарадка. Як адбываўся самы насычаны канцэрт зімы — глядзіце ў нашым фотарэпартажы.
Адкрываў фэст гомельскі гурт Yamaya. Слухачы і аматары гурта сцьвярджаюць, што іх музыка мае гіпнатычнае гучанне і неверагодную энэргетыку. Песні гурта — гэта незвычайныя
рок-медытацыі ў разнастайнай музычнай палітры, смаку якім надаюць арыгінальныя беларускамоўныя тэксты.
Другімі на сцэну падняліся музыкі з гурту «M.G.» — каманда хлопцаў з Навагрудка. Як кажуць самі музыкі, гурт не абмежаваны стылістычнамі бар'ерамі і дзейнасць
яго рухаецца у напрамку, які завецца «бульбатрэш».
Наступны гурт «Адарвірог» — фольк-метал каманда з Мінска, якая ў сваёй музыцы выкарыстоўвае беларускую дуду, iрландзкi бузукi, італьянскую мандаліну ды
інтэрнацыянальныя флейты, бубны, гітары і скрыпкі.
Чацьвёртым граць выпаў гонар праекту «Pauline», які існуе толькі год, але гэты час быў багаты на падзеі: безліч канцэртаў, перамогі ў конкурсах, бясспрэчнае лідарства ў чартах
«tuzin.fm» некалькі месяцаў запар ды — вішанька на торце — званне «Адкрыццё году 2015» па версіі парталу «Тузін гітоў».
За імі на сцэну выйшла каманда «The Glitchhh». Хлопцы смела міксуюць шугейз з мкталам, а пост-рок з інды. Гэта адзіны гурт на «Адборышчы», які грае
выключна інстурументальную музыку.
Шостым зайграў яшчэ адзін незвычайны па выкананні гурт. «Haina» ўнікальны тым, што выконвае рок-музыку, але пры гэтым не выкарыстоўвае гітары. Усе трэкі створаны з дапамогай
баяну, скрыпкі ды бубнаў музыкі.
За імі працягнулі канцэрт яшчэ адзін новы калектыў. «Intelligency» — спалучэньне клавiш, плаўнай гiтары, незвычайнага вакалу ды лёгкага электроннага сінтээзу. Deep
house, techno, idm, blues — гэта стылiстычныя арыентыры групы. Вялiкi ўплыў на творчасць аказваюць live-iмправiзы ў стыле «right now». Самi музыкi называюць свой стыль
techno blues.
Восьмым у межах конкурсу выступіў Антось Звычайны. Хлопец выканае свае творы — аповесці і раманы, укладзеныя ў фармат некалькіх хвілінаў, гісторыі чалавека, які хаваецца ад
людзкога холаду пад коўдрай, у сваім ўтульным сьвеце. Музыка кажа, што плянуе ўразіць сваімі песнямі нават тых слухачоў, якія вельмі далёкія ад хіп-хопу.
Перадапошнімі выступіў калектыў «.К». Упісаць іх у класічную аўтарскую песню не ўяўляецца магчымым, хоць на пярэднім плане маем чалавека з гітараю, які выконвае свае тэксты.
Тут спевы — суцэльны эксперымент з гукамі і рэчаіснасцю, з сэнсамі, падтэкстамі ды адсылкамі.
І апошнім на сцэну падняўся Віталь Рыжкоў пад сцэнічным спеўданімам «Angst». Ён прадстаўляе новае пакаленне беларускай рэп-музыкі. Праект утвораны ў Мінску ў 2014 і
ўпершыню заявіў пра сябе ў трыб’юце «Re:Песняры» ў сумеснай з «SP Kava» песні «Думалі», таксама адзначыўся гасцявым куплетам у яго
рэлізе «яМы».
Пасля сканчэння конкурсанай часткі распачалася нефармальная частка фэсту — выступ запрошаных гасцей. Яе адкрывалі леташнія пераможцы конкурсу гурт
«Navi».
Наступнымі госці прыехалі з Польшчы — Гурт «Ilo&friends». Музыкі прэзентавалі новы альбом «Кола», які цалкам напісаны па-беларуску!
Беларускамоўны гурт з Беластоку паклаў на музыку вершы Уладзімера Караткевіча, Анатоля Сыса, Алеся Разанава.
«Ад сябе і ад жыцця не ўцячэш, хоць і не варта ўцякаць бяздумна — гэтая думка і перадае асноўны змест нашай працы. Сум, страту, самоту — усё гэта можна пераадолець,
калі захацець. Лёгка не бывае і не будзе, але варта жыць так, каб быць у згодзе з сабою», — кажа вакалістка «Ilo&friends» Ілона Карпюк,
якая цудоўна размаўляе па-беларуску.
Закрывалі фестываль ужо ўначы гурт «Akute» і dj-сэт ад «Warsaw balkan madness» (Польшча). Агулам канцэрт працягваўся звыш 10 гадзін.
А ў фінал на «Басовішча» у выніку галасавання журы трапілі калектывы «.К», «The Glitchhh», «Intelligency» і
«M.G.».