Міністэрства аховы здароўя не будзе прасіць адкрыцця наземных межаў

Гэта вынікае з адказу ведамства на петыцыю грамадзян, якія здзіўляліся рашэнню аб закрыцці межаў, піша «Радыё Свабода».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Больш за 2300 подпісаў сабрала петыцыя з патрабаваннем да Міністэрства аховы здароўя Беларусі скасаваць забарону на сухапутны выезд з краіны. У звароце падпісанты нагадвалі, што, «паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, у Рэспубліцы Беларусь стабільна зніжаецца колькасць заражаных COVID-19».
«Варта адзначыць, што ўнутры краіны COVID-19 ні ў каго не выклікае такога жаху. У краіне масава прайшлі „лінейкі“, выпускныя ў дзіцячых садках і бацькоўскія сходы, яўка на апошнія была абавязковай. На шэрагу прадпрыемстваў, да прыкладу, „Гродна Азот“ зніжаюцца абмежавальныя захады», — нагадалі ў петыцыі.
У Міністэрстве ў адказ на зварот заявілі, што рашэнне аб увядзенні часовых абмежаванняў на ўезд/выезд i iншых патрабаванняў прынята з улікам рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (САЗ), а таксама міжнароднага досведу краін, у тым ліку тых, дзе сітуацыя з заражэннем COVID-19 стабілізавалася.
Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя не адказала на пытанне, чаму ў Маскву ездзяць цягнікі і іх колькасць нават павялічылася. Не сказалі ў ведамстве і пра тое, чаму ўрад Беларусі дамагаецца адкрыцця наземных межаў з Расіяй, але не адкрывае іх з Еўропай.
У пачатку чэрвеня з'явілася інфармацыя, што Міністэрства аховы здароўя Беларусі нібыта падрыхтавала змены ў пастанову № 705 ад 7 снежня 2020 года, якая вызначае каронавірусныя абмежаванні на ўезд і выезд з Беларусі. Але яна не пацвердзілася.
У ведамстве яшчэ раз спаслаліся на САЗ, прывёўшы словы арганізацыі пра авіязносіны. Паводле даных САЗ, рызыка заражэння для пасажыраў авіярэйсаў меншая, чым пры сухапутных пераездах. Менавіта таму пакінуць Беларусь можна самалётам, а сухапутныя межы закрытыя.
Пасля закрыцця авіязносін з дзяржавамі Еўрасаюза і Украінай беларусы практычна страцілі магчымасць выязджаць наўпрост у гэтыя краіны.