Міністр абароны Раўкоў лічыць немэтазгодным круглы стол па дзедаўшчыне

Немэтазгоднымі назваў прапановы апазіцыі міністр абароны Андрэй Раўкоў.

Андрэй Раўкоў. Фота: nn.by

Андрэй Раўкоў. Фота: nn.by

Пра гэта ён паведаміў у афіцыйным адказе на імя старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі і кіраўніка «Руху за Свабоду» Юрася Губарэвіча.
«Міністр Раўкоў адпісаўся. Цуду не здарылася. Нашым генералам цяжка выбірацца з савецкага мінулага. Няма ні волі, ні жадання, ні ціску знізу, ні запыту зверху», — пракаментаваў гэты ліст Лябедзька ў Фэйсбуку.
Як паведамляла Еўрарадыё, 17 студзеня Лябедзька і Губарэвіч прыйшлі на асабісты прыём да міністра ў Навагрудскім райвыканкаме.
Яны вылучылі тры прапановы. Першая — правесці ў сакавіку-красавіку круглы стол па праблеме дзедаўшчыны ў войску. У ім планаваўся ўдзел як прадстаўнікоў Мінабароны, так і сяброў грамадскіх арганізацыяў, а таксама замежных экспертаў.
Другая — стварыць пры Мінабароны працоўную групу, якая б працавала над зменамі ў законе аб войску. Трэцяя прапанова — надаць вайсковай вучэльні імя Тадэвуша Касцюшкі замест Аляксандра Суворава.
«Лічу іх рэалізацыю немэтазгоднай», — лаканічна напісаў Раўкоў на прапановы апазіцыянераў.
Паводле euroradio.fm