Мінюст прапануе грамадскасці абмеркаваць змены ў законы «Аб грамадскіх аб'яднаннях» і «Аб палітычных партыях»
Па сутнасці, гаворка вядзецца пра выкладанне закона "Аб грамадскіх аб'яднаннях" у новай рэдакцыi.
![minust_.jpg minust_.jpg](/img/v1/images/minust_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Міністэрствам юстыцыі вынесены на грамадскае абмеркаванне праект зменаў у законы "Аб грамадскіх аб'яднаннях" і "Аб палітычных партыях", паведамляе на сваёй старонцы ў фэйсбуку Асамблея НДА.
У законапраекце прадугледжанае ўнясенне істотных зменаў, датычных умоваў стварэння і дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў. На абмеркаванне выносяцца як раней анансаваныя міністэрствам змены (падача дакументаў на рэгістрацыю ГА анлайн, увядзенне абавязку публікаваць да 1 сакавіка фінансавую справаздачу), так і некаторыя іншыя новаўвядзенні. Сярод іх:
- абавязак для новаствораных рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў мець арганізацыйныя структуры ў большасці абласцей і Мінску (гэтае патрабаванне не будзе распаўсюджвацца на ўжо існуючыя рэспубліканскія ГА, зарэгістраваныя да 1 студзеня 2020 года);
- адначасна здымаецца размежаванне мясцовых і рэспубліканскіх ГА па тэрыторыі дзейнасці — абедзве катэгорыі арганізацыяў будуць мець магчымасць дзейнічаць на ўсёй тэрыторыі Беларусі;
- памер выдаткаў на заробкі супрацоўнікаў ГА не можа перавышаць 40% ад агульнай сумы даходаў арганізацыі;
- прадугледжваецца магчымасць правядзення сходаў вышэйшых і кіраўнічых органаў грамадскага аб'яднання анлайн;
- устаноўленая наўпрост магчымасць размяшчаць юрадрасы грамадскіх аб'яднанняў у аднакватэрных жылых дамах ці па месцы працы кіраўніка аб'яднання (са згоды наймальніка);
- сярод дакументаў, якія павінныя прадстаўляцца для штогадовых справаздачаў, цяпер трэба прадстаўляць і копію дакументаў, што пацвярджаюць наяўнасць юрадраса арганізацыі;
- уводзяцца новыя прынцыпы дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку ўводзіцца прынцып раўнапраўя ўсіх ГА;
- змяншаецца мінімальная колькасць заснавальнікаў рэспубліканскага грамадскага аб'яднання — да 40 чалавек;
- устаноўленая магчымасць засноўваць у грамадскім аб'яднанні назіральныя рады, у склад якіх могуць уваходзіць і асобы, якія не з'яўляюцца сябрамі грамадскага аб'яднання;
- замест хатняга і працоўнага тэлефонаў заснавальніка ці сябра органа грамадскага аб'яднання цяпер пазначаецца кантактны тэлефон, што дае магчымасць цяпер ужываць для гэтай мэты мабільныя тэлефоны людзей.
Апроч гэтага ў закон уносяцца шматлікія змены, якія вынікаюць з практыкі рэгіструючых органаў (адмова ад рэгістрацыі асобных відаў сімволікі, умовы працы з персанальнымі дадзенымі заснавальнікаў ГА, парадак выдачы дублікатаў пасведчанняў ды інш).
Па сутнасці гаворка вядзецца пра выкладанне закона "Аб грамадскіх аб'яднаннях" у новай рэдакцыi. На прывядзенне статутаў у адпаведнасць новым патрабаванням закона будзе дадзены адзін год.
Грамадскае абмеркаванне законапраекта адбываецца на форуме сайта pravo.by з 12 ліпеня па 2 жніўня.