Мінпрыроды падтрымала ідэю мараторыя на адстрэл гусей і качак увесну
Мінпрыроды гатовае ініцыяваць мараторый на вясновае паляванне на вадаплаўных птушак: грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) атрымала адказ на петыцыю, якую апублікавала ў траўні.
Цягам месяца ішоў збор подпісаў за ўвядзенне гэтага мараторыя, а таксама за забарону выкарыстання паўаўтаматычнай зброі і электронных вабікаў.
У сакавіку быў падпісаны ўказ, які змяніў правілы палявання. У выніку рэальны тэрмін палявання павялічыўся: замест 28 каляндарных дзён дазволілі страляць па птушках 28 паляўнічых дзён, то бок практычна ўсе выходныя з сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны траўня, а для пакупнікоў паляўнічых тураў зрабілі магчымасць паляваць неабмежаваную колькасць дзён цягам двух месяцаў.
Да таго ж, да паляўнічых відаў дадалі два віды, якія нейкі час таму былі чырвонакніжнымі: качку-свіцьву і гогаля. Што да спосабаў палявання, то суперэфектыўныя электронныя вабікі, якія транслююць запісы галасоў птушак, і паўаўтаматычная зброя нашмат яго спрашчаюць. Сапраўды, цяпер паляўнічаму нашмат лягчэй давесці, што ён мацнейшы і разумнейшы за гусь ці качара.
Памылковы адстрэл самак качак і забароненых відаў, турбаванне водных і каляводных птушак падчас гнездавання, знішчэнне наймацнейшых асобінаў, якія перажылі зімоўку ці доўгі пералёт, — усё гэта ўдар па папуляцыях птушак. У Еўропе няма іншай краіны, дзе б увесну птушкі так пераследваліся паляўнічымі.
“Пяцігадовая забарона на веснавы адстрэл вадаплаўных птушак дазволіць вучоным і практыкам вывучыць сітуацыю, якая склалася, — кажа Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ. — З 1997 года практычна ніхто не ведае, колькі ў нас качак і гусей. Без уплыву палявання можна будзе вясной дакладна вызначыць усе месцы, важныя для гнездавання шэрай гусі, белавокага нырка і іншых качак з Чырвонай кнігі, каб потым увесці заканадаўча абмежаванні для палявання ў гэтых раёнах. Нарэшце паляванне ўвосень для аматараў пастраляць будзе больш паспяховым і з меншай рызыкай для захавання нашых птушак”.
Кампанію па зборы подпісаў падтрымалі вядомыя людзі Беларусі, і ў выніку петыцыя сабрала амаль 2000 подпісаў.
11 чэрвеня АПБ атрымала ад Мінпрыроды Беларусі адказ на калектыўны зварот, дзе гаворыцца, што міністэрства цалкам падзяляе занепакоенасць грамадзян і выступала супраць павелічэння тэрмінаў вясновага палявання на вадаплаўных, але гэтыя пярэчанні прынятыя не былі.
Мінпрыроды выказала гатоўнасць ініцыяваць увядзенне пяцігадовага мараторыя, калі атрымае падтрымку і адпаведнае навуковае заключэнне ад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
”Наступным лагічным крокам будзе звяртанне Ў НАН Беларусі, як і прапанавала Мінпрыроды, – кажа Аляксандр Вінчэўскі. – Калі вучоныя падтрымаюць нашу пазіцыю, справа варухнецца з мёртвай кропкі”.